Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савецкага дысыдэнта Ўладзімера Букоўскага пахавалі ў Лёндане


Уладзімір Букоўскі

У Лёндане ў аўторак, 19 лістапада, адбылося пахаваньне былога савецкага палітычнага зьняволенага, вядомага прадстаўніка савецкага дысыдэнцкага руху, публіцыста і пісьменьніка Уладзіміра Букоўскага. Ён памёр 27 кастрычніка 2019 у Кэмбрыджы. Букоўскі пахаваны на гістарычных могілках Хайгейт.

Пахаваньню папярэднічала рэлігійная служба паводле праваслаўнага абраду — такое жаданьне выказалі сваякі.

Сьцяг польскага руху «Салідарнасьць» несла за труной дэлегацыя Польшчы. Яе прадстаўнік зачытаў разьвітальную прамову прэм’ер-міністра Польшчы Матэвуша Маравецкага. Таксама выступіў з прамовай прадстаўнік Варшаўскага ўнівэрсытэта. Кнігі Ўладзіміра Букоўскага выдаваліся ў Польшчы ў гады камуністычнага праўленьня ў самвыдаце.

На цырымоніі разьвітаньня прысутнічаў і былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Андрэй Саньнікаў.

З разьвітальнымі прамовамі выступілі былы вязень савецкіх лягераў Мустафа Джэмілеў, чачэнскі эмігрант генэрал Ахмэд Закаеў, былыя дысыдэнты і прадстаўнікі беларускай апазыцыі, прадстаўнікі малдаўскіх і румынскіх асацыяцый, брытанскіх унівэрсытэцкіх колаў і савецкай эміграцыі ў Лёндане, паведаміла Міжнароднае францускае радыё.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG