Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызвалены зь Беларусі «шпіён» Шаройка адмовіўся камэнтаваць сваю справу і зноў падзякаваў Зяленскаму і Лукашэнку


Украінскі журналіст Паўло Шаройка і журналістка Сьвятлана Мялік падчас інтэрвію Ўкраінскаму радыё
Украінскі журналіст Паўло Шаройка і журналістка Сьвятлана Мялік падчас інтэрвію Ўкраінскаму радыё

Першае і адзінае на гэты час інтэрвію вызвалены ў пачатку кастрычніка з Бабруйскай турмы ўкраінскі журналіст Паўло Шаройка даў Украінскаму радыё, карэспандэнтам якога ён працаваў да арышту ў 2017 годзе.

Украінскі журналіст Паўло Шаройка, асуджаны ў Беларусі на 8 гадоў пазбаўленьня волі за шпіянаж і вызвалены ў кастрычніку ў абмен на абвінавачанага ва Ўкраіне ў зборы сакрэтнай інфармацыі беларускага грамадзяніна Юрыя Палітыку, плянуе вярнуцца ў журналісцкую дзейнасьць і не выключае, што ў будучыні наведае Беларусь.

«Я гэтым займаўся ўсё сваё жыцьцё і ня бачу сябе па-за журналістыкай, таму буду працягваць займацца сваёй прафэсійнай дзейнасьцю, наколькі ў мяне хопіць моцы і натхненьня. Я спрабаваў пісаць (у беларускай калёніі. — РС), натаваць нейкія тэзы, нават весьці штодзёньнік, але адной з умоў, калі мяне пераводзілі ў калёнію — усе лісты, нават ад жонкі і дачкі, з малюнкамі, і мае запісы засталіся ў Беларусі — іх са мной ня выпусьцілі», — сказаў Паўло Шаройка ў інтэрвію Ўкраінскаму радыё, уласным карэспандэнтам якога ён працаваў у Беларусі да арышту і зьняволеньня.

Паўло Шаройка дадаў, што ня ведае, ці існуе для яго забарона наведваць Беларусь: «Пакуль што ў мяне такіх плянаў няма, каб я зараз хацеў паехаць у Беларусь, але не выключаю, што ў будучыні гэта можа быць. Дарэчы, у мяне карані таксама беларускія, бо мой бацька нарадзіўся ў Беларусі, таму трэба наведваць магілы сваіх продкаў».

Пра абмен ня ведаў, але адчуваў

Журналіст кажа, што чакаў вызваленьня напярэдадні сустрэчы Зяленскага і Лукашэнкі ў Жытоміры.

Паўло Шаройка
Паўло Шаройка

«Я сачыў за паведамленьнямі, якія анансавалі сустрэчу нашых кіраўнікоў у Жытоміры, таму ў мяне было чаканьне, што нешта мае адбыцца. Потым, 3 кастрычніка, мяне выклікалі ў штаб калёніі і паведамілі, што рыхтуюць дакумэнты на памілаваньне. Там такая працэдура — зьбіраюць характарыстыкі, рыхтуюць іншыя дакумэнты.

Былі ўжо намёкі, што нешта такое адбываецца. Потым у другой палове дня — цішыня, ніякіх паведамленьняў і інфармацыі, а ўжо недзе а чацьвёртай раніцы мяне паднялі і загадалі зьбіраць рэчы. Пазьней адвялі ў памяшканьне, у якім зьбіраюць людзей на вызваленьне, а адтуль — у кабінэт начальніка калёніі, дзе той зачытаў указ Лукашэнкі пра маё памілаваньне».

Паводле Шаройкі, раніцай 4 кастрычніка ён ужо сустракаўся ў Кіеве зь Упаўнаважанай Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Людмілай Дзянісавай і сваёй жонкай Аленай.

«Псыхалягічна я амаль адаптаваўся. Я шчасьлівы і радуюся, што вярнуўся дадому, але яшчэ да канца не ўсьведамляю, што са мной гэта адбылося», — дадаў ён.

Падрабязнасьці справы раскрываць забаронена

Паўло Шаройка адмовіўся ўдакладняць падрабязнасьці свайго затрыманьня ў Беларусі:

«Да майго вызваленьня датычныя найвышэйшыя асобы дзьвюх дзяржаў, і былі дадзены гарантыі ад імя нашай дзяржавы. Яны палягаюць у тым, што ўмовай вызваленьня ёсьць захаваньне тайны па ўсіх пытаньнях, зьвязаных з маім арыштам, правядзеньнем сьледчых дзеяньняў, судовым разглядам, выракам і трыманьнем пад вартай. Гэта значыць, наша дзяржава, Украіна, абавязалася ўстрымлівацца ў будучыні ад заяў пра маё незаконнае затрыманьне. Я разумею, што гэта цікава, але існуюць абавязаньні. Гэта ня мой капрыз — не раскрываць падобнай інфармацыі, не камэнтаваць, не даваць ацэнак, не выстаўляць прэтэнзій і не выносіць нэгатыву ў публічную прастору».

Пра стаўленьне ў калёніі

Паўло Шаройка кажа, што ў калёніі да яго ставіліся з павагай.

«Адзінае, чаго не хапала — гэта роднай украінскай мовы. Але беларусы, калі я зь імі пераходзіў у размовах на ўкраінскую, нават прасілі, каб я не спыняўся і працягваў на ёй размаўляць. Нават нашаму прывітаньню „Слава Україні!“ я навучыў, мне адказвалі: „Героям слава!“. Яны ставіліся з павагай, і гэта дапамагала. Але папраўдзе ўкраінскай мовы не хапала. Бо размаўляць і не забываць мову — гэта адно, а знаходзіцца ў сваім моўным асяродзьдзі — гэта іншае».

У той жа час журналіст дадаў, што меў магчымасьць чытаць кнігі:

«Я шмат чытаў гістарычных кніг — была бібліятэка і ў СІЗА КДБ, і ў калёніі. Была магчымасьць за ўласны кошт атрымліваць пэрыядычныя выданьні, у тым ліку апазыцыйную прэсу, у якой больш-менш можна было знайсьці інфармацыю пра Ўкраіну. У іншых выданьнях пра Ўкраіну вельмі мала пісалі. Можна было глядзець навіны па тэлевізіі, але гэта былі больш расейскія навіны. А перадаваць кнігі было забаронена».

Журналіст кажа, што найбольш складаным у калёніі было перанесьці разрыў зь сям’ёй. «За ўвесь гэты час я бачыў толькі аднойчы сваю малодшую дачку — у СІЗА КДБ перад ад’ездам зь Менску. Гэтая сустрэча была 3-4 гадзіны, і дзіця не разумела, чаму тата ня едзе разам зь ёй і з маці. Вельмі цяжка было. І потым, ужо ў калёніі, два разы я сустракаўся з жонкай».

«Крыўды ня маю»

Украінскі журналіст кажа, што ня мае крыўды ні на кога, хто быў датычны да ягонага зьняволеньня, і зноў выказаў удзячнасьць кіраўнікам Беларусі і Ўкраіны Аляксандру Лукашэнку і Ўладзіміру Зяленскаму. «Галоўнае — кампэнсаваць страчаны за гэтыя два гады час на выхаваньне малодшай дачкі. І гэта галоўная мая мэта цяпер».

«Я толькі цяпер пачаў дыхаць свабодай і адчуў яе па-новаму. Мне прыемна чуць, што ўсюды гучыць украінская мова — тэлевізія, радыё, музыка; людзі размаўляюць на роднай мове. Я лаўлю гэтую калярытнасьць, якая адрозьніваецца ад таго асяродзьдзя, дзе я знаходзіўся апошнія два гады. Я проста атрымліваю асалоду ад жыцьця».

***

Украінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы ў Менску 25 кастрычніка 2017 году. Яго абвінавацілі ў стварэньні ў Беларусі шпіёнскай сеткі зь ліку грамадзян краіны для збору сакрэтнай інфармацыі ў ваенна-палітычнай сфэры. 23 траўня 2018 году Вярхоўны суд Беларусі асудзіў украінскага журналіста на 8 гадоў пазбаўленьня волі. Працэс праходзіў за зачыненымі дзьвярыма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG