Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі прафэсара-філёляга змушаюць пакаяцца за «абразу расейскай мовы»


Гасан Гусейнаў
Гасан Гусейнаў

Аб’яднанне «ПЭН-Масква» і асацыяцыя «Вольнае слова» апублікавалі супольную заяву ў падтрымку філёляга Гасана Гусейнава, які апынуўся пад агнём афіцыйнай крытыкі за крытычнае выказваньне аб сучаснай расейскай мове.

Заяву падпісала каля паўтысячы чалавек — літаратары, філёлягі і журналісты, адзначае ў нядзелю, 10 лістапада, сайт тэлеканалу «Дождь».

«Нам здавалася, што савецкая традыцыя змушаць да пакаяньня перад партыяй і народам самых яскравых, таленавітых, незалежных, засталася ў далёкай мінуўшчыне. І тут мы памыліліся зноў», — гаворыцца ў гэтым дакумэнце, пад якім стаяць подпісы Веранікі Долінай, Дзяніса Драгунскага, Ніны Катэрлі, Сяргея Гандлеўскага, Сяргея Пархоменкі, Ксеніі Ларынай, Льва Рубінштэйна, Зоі Сьветавай і іншых вядомых расейцаў.

Аўтары нататкі нагадваюць, што раней Камісія навуковай рады Вышэйшай школы эканомікі ў пытаньнях акадэмічнай этыкі парэкамендавала Гасану Гусейнаву публічна папрасіць прабачэньня за пост у сацыяльнай сетцы, дзе ён назваў «кляачным» стан сучаснай расейскай мовы.

Публікацыя на старонцы вядомага філёляга Гасана Гусейнава ў сацыяльнай сетцы Facebook, у якой ён выказваў зьдзіўленьне з прычыны таго, што «некаторым расейцам здаецца, што расейцы ва Ўкраіне няздольныя вывучыць да сваёй расейскай яшчэ і ўкраінскую мову», выклікала хвалю нэгатыўных рэакцый у Расеі, у тым ліку ў фэдэральных СМІ.

Многія камэнтатары адрэагавалі перш за ўсё на вырванае з кантэксту словазлучэньне «ўбогая кляачная расейская мова» ў гэтым пасьце Гусейнава. У пэўнай ступені гэта было справакавана загалоўкамі ў СМІ. Так, напрыклад, дзяржаўнае агенцтва РИА Новости паведамленьню пра публікацыю Гасана Гусейнава дала загаловак: «Выкладчык ВШЭ назваў расейскую мову ўбогай».

Што напісаў Гусейнаў у Facebook?

Поўны тэкст публікацыі Гусейнава (яго пост у Facebook недаступны):

«Чаму некаторым расейцам здаецца, што расейцы ва Ўкраіне няздольныя вывучыць да сваёй расейскай яшчэ і ўкраінскую мову? Таму што, прыехаўшы, напрыклад, у Бэрлін, гэтыя разумныя людзі ня дзівяцца, убачыўшы ў тамтэйшых кіёсках газэты ня толькі на нямецкай, але і на расейскай і турэцкай, сэрбскай i францускай, грэцкай і польскай, ангельскай і італьянскай. А ў Маскве, з сотнямі тысяч украінцаў, татар, кіргізаў і ўзбэкаў, кітайцаў і немцаў, немагчыма днём з агнём знайсьці нічога на іншых мовах, акрамя той убогай кляачнай расейскай, на якой цяпер гаворыць і піша гэтая краіна. Мова, з якой вынутае зьдзіўленьне: чорт яго бяры, а сьвет жа ж населены больш разумнымі і чалавечнымі людзьмі, чым я і мае суайчыньнікі, як жа так? Як жа я дайшоў да жыцьця такога? Таму што імпэрыя і вялікая дзяржава? Наадварот: таму што не імпэрыя, ня вялікая дзяржава, а даволі дзікая краіна. Вельмі шмат працы ў наступных пакаленьняў, якім трэба будзе расчышчаць гэтыя нашы аўгіевы стайні».

Адказваючы на пытаньні журналіста Аляксандра Мельмана («МК»), Гасан Гусейнаў растлумачыў: «Мова ў маім выказваньні, якое выклікала такую бурлівую рэакцыю, — гэта людзі, якія сёньня ёю карыстаюцца публічна і ў прыватным ўжытку... Я супрацьпастаўляю гэтую кляачную мову іншай, на якой многія альбо развучыліся гаварыць (ды яшчэ ў тым ліку і як я сам!), альбо ня хочуць вучыцца. Гэта мова тэлевізійных шоў, гэта мова нянавісьці, якую можна вывучаць па камэнтах да майго паста».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG