Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэс-служба Лукашэнкі пацьвердзіла дэталі візыту ў Аўстрыю


Травень 2015 году. Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і міністра па справах Эўропы Сэбастыяна Курца ў Менску

Прэс-служба кіраўніка Беларусі пацьвердзіла дэталі візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Аўстрыю 11-12 лістапада, пра што раней паведамлялі аўстрыйскія мэдыя.

Плянуецца, што 12 лістапада ў Вене ў вузкім і пашыраным складах пройдуць перамовы Лукашэнкі з Фэдэральным прэзыдэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Беленам.

«У цэнтры ўвагі будуць і палітычныя пытаньні: сытуацыя ў рэгіёне і сьвеце, узаемадзеяньне Беларусі з Эўразьвязам, у тым ліку ў фармаце „Усходняга партнэрства“, тэматыка аховы навакольнага асяродзьдзя», — паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі.

Лукашэнка ў Вене таксама правядзе перамовы са старшынём Нацыянальнага савета Аўстрыі Вольфгангам Собаткам і наведае рабочую вячэру са старшынём Аўстрыйскай народнай партыі, дэпутатам Нацыянальнай рады Аўстрыі Сэбастыянам Курцам, які раней наведваў Беларусь у якасьці фэдэральнага міністра.

Адначасова з візытам Лукашэнкі ў Вене будзе праходзіць аўстрыйска-беларускі бізнэс-форум, у якім возьмуць удзел дзелавыя колы дзьвюх краін, у тым ліку прадстаўнікоў буйнога бізнэсу.

Чаму візыт у Аўстрыю?

Аўстрыя належыць да тых дзяржаваў ЭЗ, якія ляяльна ставяцца да афіцыйнага Менску, незалежна ад таго, якія партыі ці кааліцыі знаходзяцца ва ўрадзе. Як сьведчыць палітоляг Валер Карбалевіч, да апошняга часу аўстрыйская амбасада ў беларускай сталіцы вельмі неахвотна ішла на кантакт з апазыцыяй, грамадзянскай супольнасьцю, праваабаронцамі.

Лукашэнка рэдка езьдзіць у краіны Эўразьвязу. Доўгі час гэта было зьвязана з санкцыямі супраць яго і шэрагу беларускіх чыноўнікаў.

Аўстрыя стабільна ўваходзіць у лік найбуйнейшых інвэстараў у эканоміку Беларусі, аўстрыйскі капітал тут актыўна прысутнічае. Адзіны банк Беларусі з заходнім капіталам — «Прыорбанк», яго асноўным акцыянэрам ёсьць «Raiffeisen Bank». Гэты банк выступаў адным з арганізатараў разьмяшчэньня беларускіх эўрааблігацыяў на эўрапейскіх фінансавых рынках.

Актыўна вядзе лінію на паляпшэньне адносінаў з афіцыйным Менскам Фэдэральны Канцлер Аўстрыі Сэбастыян Курц. У рангу міністра замежных справаў ён двойчы наведваў беларускую сталіцу. У траўні летась, ужо ў статусе фэдэральнага канцлера, Курц у тэлефоннай размове з Лукашэнкам запрасіў яго ў госьці ў Вену.

Скандальны адпачынак Лукашэнкі на горналыжным курорце Аўстрыі

Калі гаворка ідзе па беларуска-аўстрыйскія адносіны, згадваецца і скандальны адпачынак Аляксандра Лукашэнкі на горналыжным курорце ў 2002 годзе.

У сакавіка 2002 году Аляксандр Лукашэнка знаходзіўся пад заходнімі санкцыямі і ня мог наведваць краіны ЭЗ. Тым ня менш ён адпачыў на гарналыжным курорце ў аўстрыйскім Тыролі. Паездку ў абыход санкцыяў арганізаваў уладальнік сеткі казыно Casinos Austria Леа Вальнэр, які ў той час узначальваў Нацыянальны алімпійскі камітэт Аўстрыі. Аўстрыйскія СМІ высьветлілі, што адпачынак Лукашэнкі з асобамі, што яго суправаджалі, каштаваў амаль 200 тысяч эўра. Гэтак, прыватны самалёт з Вены ў Інсбрук абышоўся ў 30 тысяч эўра, пяцізоркавы гатэль Klosterbräu — 47 тысяч. Акрамя таго, грошы пайшлі на вечарыну, гульні ў казыно, гарналыжны адпачынак, алькагольныя напоі, а таксама мэдычныя паслугі, бо падчас катаньня на лыжах Лукашэнка атрымаў траўму сьцягна і на верталёце паляцеў у шпіталь.

Праўда, плаціў за гэты прымаючы бок — усё той жа Леа Вальнэр. Разам з Лукашэнкам курорт тады наведалі ягоныя сыны Віктар і Дзьмітрый, Ірына Абельская, Уладзімір Макей, Уладзімір Канаплёў ды іншыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG