Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У расейскім горадзе шукаюць прыватную кампанію прыбіраць трупы з вуліц


Улады гораду Віхараўка ў Іркуцкай вобласьці Расеі абвясьцілі конкурс на прыборку трупаў бяздомных людзей з вуліц горада ў 2020 годзе ў рамках праграмы добраўпарадкаваньня. У горадзе жыве прыблізна 21 тысяча чалавек.

Грошы на гэтыя мэты вылучаць з муніцыпальнага бюджэту. Кампанія, якая выйграе конкурс, павінна будзе забраць ня менш за 18 целаў памерлых людзей.

У адміністрацыі гораду такую дакладнасьць у падліку плянаваных трупаў выданьню «Открытые медиа» патлумачылі «дадзенымі мінулых гадоў». Па словах чыноўнікаў, паліцыя і хуткая дапамога адмаўляюцца прыбіраць целы бяздомных з вуліцы, таму мэрыя заключае кантракты з прыватнымі кампаніямі.

«Гэта правілы добраўпарадкаваньня гораду. Падрадчык абавязаны падняць цела і даставіць яго да моргу, мы ня можам пакінуць яго на вуліцы. Мы не аказваем рытуальных паслуг, гэта менавіта падбор асоб бяз пэўнага месца жыхарства, дастаўка да моргу», — паведаміла спэцыялістка адміністрацыі Віхараўкі Элеанора Аўчыньнікава.

Усяго на гэтыя мэты з бюджэту выдзелілі 46 тысяч расейскіх рублёў. Гэта значыць, што дастаўка аднаго цела будзе каштаваць гарадзкому бюджэту 2565 расейскіх рублёў (прыблізна 82 беларускія рублі). Тэндэр быў разьмешчаны на сайце дзяржаўных закупак.

Па словах супрацоўніцы мэрыі, такія кантракты заключаюцца кожны год, і звычайна вывозіць прыходзіцца ў сярэднім па 18 памерлых бяздомных у год. Калі ў 2020 такіх выпадкаў будзе менш, то адміністрацыя скасуе кантракт, а калі больш — выдзеліць дадатковае фінансаваньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG