Таджыкскага журналіста і апазыцыянэра Фархода Адзінаева, затрыманага 25 верасьня на літоўска-беларускай мяжы, выпусьцілі з СІЗА Горадні. Раней улады Беларусі адмовілі ў просьбе Генпракуратуры Таджыкістану аб яго арышце і экстрадыцыі на радзіму, паведамляе Настоящее время.
«Фарход Адзінаеў коратка пагаварыў з адвакатам па тэлефоне і пакінуў тэрыторыю СІЗА. Ён вольны ісьці куды яму заўгодна», — паведаміла супрацоўніца праваабарончай арганізацыі Human Constanta Наста Лойка.
Улады Таджыкістану абвясьцілі 42-гадовага Адзінаева ў вышук па падазрэньні ў дачыненьні да забароненай у краіне арганізацыі. 42-гадовы апазыцыйны актывіст быў сябрам Партыі ісламскага адраджэньня Таджыкістану, дзейнасьць якой забаранілі ў 2015 годзе.
У 2013 годзе на працягу некалькіх месяцаў Адзінаеў кіраваў у Маскве (у Адзінаева ёсьць таксама расейскае грамадзянства) таджыкскім апазыцыйным тэлеканалам «Сафо ТБ». У тым жа годзе расейскія ўлады зачынілі тэлеканал.
Прадстаўнікі Партыі ісламскага адраджэньня Таджыкістану, якія пражываюць у выгнаньні за мяжой, паведамілі, што Адзінаеў нядаўна атрымаў польскую візу і плянаваў прыняць удзел у канфэрэнцыі АБСЭ ў Варшаве па правах чалавека.