Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зафіксавалі 12 выпадкаў малярыі і 6 — ліхаманкі дэнге


Малярыя пераносіцца самкамі камароў роду Anopheles — «малярыйнымі камарамі»
Малярыя пераносіцца самкамі камароў роду Anopheles — «малярыйнымі камарамі»

За 2019 год у Беларусі зарэгістравалі выпадкі «завазных» экзатычных хваробаў: 12 выпадкаў малярыі, 6 — ліхаманкі дэнге, 1 выпадак ліхаманкі Заходняга Нілу.

Загадчык аддзелу эпідэміялёгіі Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Ўладзімер Пашковіч, як перадае БелТА, расказаў, што хворыя на малярыю «прыяжджаюць, як правіла, з краінаў Афрыкі».

Агулам у краіне эпідэміялягічная сытуацыя «спакойная і кіраваная», адзначыў ён. Як праходзіла лекаваньне хворых на малярыю і ліхаманку дэнге, не паведамляецца.

Названыя хваробы перадаюцца праз укусы камароў і могуць прывесьці да сьмерці, але ад абедзьвюх ёсьць адмысловыя лекі. Для прадухіленьня малярыі цяпер існуе вакцына, але яна даволі нізкаэфэктыўная (усяго да 56% эфэктыўнасьці), новыя вакцыны толькі праходзяць тэсты. Вакцыны ад ліхаманкі Заходняга Нілу няма. А вакцыну ад ліхаманкі дэнге рэкамэндуюць ужываць толькі для тых, хто ўжо быў папярэдне інфэктаваны. Іншыя сродкі прадухіленьня — толькі абарона ад укусаў камароў і вынішчэньне саміх камароў.

Тым часам у Беларусі з пачатку году зафіксавалі дзьве сотні выпадкаў адру. Эпідэмію не абвяшчаюць. Апошнія тры тыдні новыя выпадкі захворваньня не фіксаваліся, паведаміў БЕЛТА Пашковіч.

Паводле яго, цяпер у Беларусі ад адру вакцынаваныя больш за 98% насельніцтва, за гэты год дадаткова прышчапілі каля 1,5 тысяч чалавек, якія раней не былі вакцынаваныя або адмовіліся ад прышчэпкі. Калі вакцынацыі не праводзіліся (да 1967 году), на адзёр штогод хварэлі дзясяткі тысяч беларусаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG