Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэнтэзі з Багдановічам і Дударом: Кацярына Ваданосава выдала новы альбом. АЎДЫЁ

абноўлена

Вокладка альбому «Стрэчаньне»
Вокладка альбому «Стрэчаньне»

Менская сьпявачка і мультыінструмэнталістка Кацярына Ваданосава выдала з Fantasy Orchestra другі альбом — «Стрэчаньне». Яго ўжо можна бясплатна паслухаць у сацсетках або набыць на Bandcamp.

Першы альбом Ваданосавай, «Міфатворчасьць», выйшаў роўна за тры гады да новага.

Прэзэнтацыю новага альбому зладзяць 12 сьнежня ў менскім клюбе «Бруге».

Як і на папярэдняй кружэлцы, у «Стрэчаньні» Ваданосава камбінуе фольк-музыку з сучаснымі і фэнтэзійнымі матывамі. Але калі папярэдні быў акустычным, у новым зьявіліся электрычныя інструмэнты.

«Адрозьненьні вельмі істотныя: першы альбом быў маім сольным, дзе большую частку інструмэнтаў прапісвалі сэсійныя музыкі па тых партыях, якія я пісала ім, — тлумачыць Ваданосава Свабодзе. — Канешне, гэта сказвалася на ягонай якасьці. Гэты ж альбом — прадукт калектыўнай творчасьці, праца ўсяго музычнага гурту, дзе аранжыроўкі былі напісаныя супольна, і таму атрымаліся значна больш прафэсійнымі ды якаснымі.

Да таго ж, кожны з музыкаў прыўнёс у альбом тую музыку, якую любіць і на якую арыентуецца ў творчасьці: ад арт-року да прагрэсіву. Гэты альбом атрымаўся значна больш «дарослым» ды прафэсійным. Нарэшце я змагла пачуць сваю музыку так, як яна гучыць у маёй галаве».

Палова песень напісаныя на словы самой сьпявачкі. Але «Белы сад» — верш расстралянага паэта Алеся Дудара, «Зьмяіны цар» — Максіма Багдановіча, «Ногі» — Уладзімера Караткевіча, а яшчэ дзьве песьні, «Дом» і «Край», гэта пераклады Ваданосавай расейскамоўных вершаў сучаснай паэткі і бард-сьпявачкі Ірыны Лой (музыку яны пісалі разам з Ваданосавай).

Ваданосава тлумачыць, што распаўсюджвае музыку бясплатна, бо «дзяліцца сваёй музыкай — вялікая радасьць для нас, а ніяк ня спосаб зарабіць грошы». Але магчымасьць купіць альбом дае з разьліку на «альтруістаў», якія «часам задумваюцца, што музыкі — таксама людзі, і таксама хочуць есьці».

«Няхай будзе фэнтэзі-рок»

«Нам часта даволі цяжка растлумачыць, што нашая музыка зараз мае даволі апасродкаванае дачыненьне да фольку: людзі бачаць у складзе інструмэнтаў цымбалы ды дудкі і аўтаматычна лічаць нас фольк-суполкай, — расказвае Ваданосава пра сваю музыку. — Але, калі выказвацца сухой музыказнаўчай мовай, то фольк — гэта музыка, якая захоўваецца (няважна, у першасным сваім выглядзе ці са зьмяненьнямі ў даніну модзе), а нашыя кампазыцыі — аўтарская музыка, якая актуалізуецца намі ж.

Адсылкай да фольку ў нашых аранжыроўках можна лічыць выкарыстаньне натуральных ладоў, ходы паралельнымі квінтамі, характэрныя для народнай традыцыі, яшчэ шэраг прыёмаў, якія мы чэрпаем у фальклёры і якія чытачамі-немузыкамі будуць успрымацца як нецікавая абракадабра, але ў мяне адчуваньне, што мы даволі далёка адышлі ад фольку апошнім часам. Ня ведаю, добра гэта ці дрэнна, але — як ёсьць.

Песьня з папярэдняга альбому

Адзін музычны крытык назваў музыку, якую мы граем, „фэнтэзі-рок“, з той нагоды, што тэксты ў песьнях займаюць такое ж важнае месца, як і музыка; часта іх можна чытаць, як вершы, і для многіх з іх характэрная адмысловая сюжэтнасьць: я часта зьвяртаюся да міталёгіі, гісторыі, літаратуры, асабліва літаратуры пэрыяду рамантызму...

Але, калі абстрагавацца ад тэкстаў і засяродзіцца на музыцы, то мне як немузыказнаўцу цяжкавата адназначна акрэсьліць яе накірунак. Тут ёсьць элемэнты арт-року, прагрэсіў-року, фольку, да таго ж, у кожнай з песень ёсьць „разыначка“: то мы акуратненька ўводзім у кампазыцыю панкавыя рыфы, то элемэнты, характэрныя для поп-музыкі, то спрабуем зрабіць блюзавае сола на скрыпцы ды цымбалах…

Таму няхай будзе „фэнтэзі-рок“. Як даніна і нашай назве, і нашым эстэтычным перавагам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG