Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьбітага лідэра «Маладога фронту» аштрафавалі на 1657 рублёў. Ягонага брата — на 510 рублёў

абноўлена

Суд над лідэрам «Маладога фронту» Дзянісам Урбановічам, 4 лістапада

У судзе Менскага раёну 4 лістапада праходзяць адміністрацыйныя працэсы адносна абаронцаў Курапатаў у сувязі з бойкай, што адбылася ля рэстарацыі «Поедем поедим» днём раней.

Першым судзілі Дзяніса Ўрбановіча — лідэра «Маладога фронту». Актывіста прызналі вінаватым у непадпарадкаваньні міліцыі і дробным хуліганстве (арт. 17.1 і 23.4 КаАП РБ), аштрафавалі на 1657 рублёў (65 базавых велічыняў).

Паводле суду, гэта ён учыніў бойку на ўваходзе ў рэстарацыю, крычаў і парушаў грамадзкі парадак. Супраць яго сьведчылі дырэктарка рэстарацыі Сьвятлана Дубкова, ахоўнікі Мікалай Красоткін і Віктар Юневіч (абодва былыя міліцыянты).

Ахоўнікі рэстарацыі «Поедем поедим» у судзе
Ахоўнікі рэстарацыі «Поедем поедим» у судзе

У Дзяніса Ўрбановіча траўмаваны пазванок шыі, на шыі ў яго накладзены бінт, ён зь цяжкасьцю паварочвае галаву. Актывіст сказаў, што ў міліцыі адмовіліся прымаць у яго заяву на дзеяньні АМАПу пры яго затрыманьні.

Пасьля суду над Дзянісам Урбановічам судзьдзя Кропачаў разгледзеў справы ягонага брата Максіма Ўрбановіча, а таксама актывістаў Валера Рабцава і Віталя Трыгубава. Першаму прызначаны штраф у 510 рублёў (20 базавых), другому і трэцяму — па 1020 рублёў (40 базавых). Супраць іх сьведчылі тыя ж сьведкі, якіх апыталі на першым працэсе, — ахоўнікі і дырэктарка рэстарацыі, а таксама ўчастковы міліцыянт Аляксей Аўчыньнікаў.

Адміністрацыйны працэс супраць кандыдата ў дэпутаты Зьмітра Казакевіча, як ён сам думае, адбудзецца пазьней у Маскоўскім раённым судзе.

«Штабэлямі паклалі на падлогу, білі, тапталі, здымалі на відэа»

Дзяніс Урбановіч не прызнаў віны. Паводле яго, бойку каля ўваходу ў рэстарацыю справакавалі ахоўнікі ўстановы. Урбановіч прасіў дапытаць у судзе супрацоўнікаў АМАП, якія фігуруюць у пратаколе на яго.

Дзеяньні гэтых міліцыянтаў актывіст назваў «злачыннымі» і патлумачыў, што яны зьбівалі яго, «круцілі шыю» ў аўтамабілі, калі везьлі з Курапатаў у пастарунак. Паводле Ўрбановіча, яны былі не ў адмысловай форме. Судзьдзя Аляксей Кропачаў гэтае хадайніцтва не задаволіў.

На судзе над Валерам Рабцавым сьведкі Мая Навумава і Базыль Гушча далі паказаньні, якія супярэчылі словам аховы рэстарацыі: казалі, гэта ахоўнікі правакавалі актывістаў на бойку, незаконна не пускалі іх на тэрыторыю ўстановы.

Дзяніс Урбановіч у судзе
Дзяніс Урбановіч у судзе

Максім Урбановіч абвінаваціў супрацоўнікаў АМАП у нематываваным зьбіцьці затрыманых і бесчалавечным абыходжаньні зь імі.

«Нас штабэлямі паклалі на падлогу аўтамабіля, білі і тапталі нагамі, ды пры гэтым яшчэ абражалі і здымалі ўсё на відэа. Гэта нейкі садызм», — заявіў у судзе Максім Урбановіч.

Судзьдзя Крапачоў на гэта прапанаваў яму паскардзіцца ў пракуратуру.

Максім Урбановіч і ягоны брат Дзяніс зьбіраюцца абскарджваць пастановы суду Менскага раёну.

* * *

3 лістапада, неўзабаве пасьля мітынгу ў Курапатах, каля ўваходу ў рэстарацыю «Поедем поедим», што побач з народным мэмарыялам, адбылося сутыкненьне пікетоўцаў з ахоўнікамі ўстановы. Выкліканы кіраўніцтвам рэстарацыі міліцэйскі нарад затрымаў шасьцёх актывістаў і даставіў іх у Бараўлянскае аддзяленьне міліцыі. Актывісты кажуць, што пацярпелі ад ахоўнікаў і што іх таксама білі ў міліцэйскай аўтамашыне. Старшыню «Маладога фронту» Дзяніса Ўрбановіча з пастарунку адвезьлі ў бараўлянскі шпіталь, дзе яму аказалі мэдыцынскую дапамогу, а пасьля зноў затрымалі. Тэлефоннай сувязі зь ім пасьля гэтага не было. Час да суду затрыманыя правялі ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG