Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Тайляндзе знайшлі цела турыста зь Беларусі. Пошукі яшчэ аднаго беларуса на Балі спыненыя


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Тайляндзе пошукавая каманда знайшла цела мужчыны; мяркуецца, гэта 31-гадовы беларускі турыст, які зьнік падчас купаньня на пляжы Най-Тон увечары 29 кастрычніка, паведамляе мясцовае выданьне The Phuket News.

Пошукавая група выявіла мёртвае цела, вымытае на камяні на мысе ў паўднёвай частцы пляжу каля 7.45 раніцы 2 лістапада. Нябожчыка даставілі ў лякарню Таланга. Хоць афіцыйнага пацьверджаньня пакуль няма, гэта цела мужчыны прыкладна таго ж узросту і той жа расы, у плавальных шортах таго ж стылю, у якіх у апошні раз бачылі зьніклага беларускага турыста Максіма Ш., піша выданьне.

31-гадовы беларус прыехаў у Тайлянд разам зь сяброўкай. У адзін зь першых дзён адпачынку, 30 кастрычніка, яны пайшлі на пляж. Дзяўчына адпачывала на беразе, хлопец купаўся. Каля 19.30 сяброўка заўважыла, што прыяцеля нідзе няма, і падняла трывогу. Вядома, што ратавальнікі не патрулявалі зоны, дзе адпачывала пара.

Была праведзеная пошукавая апэрацыя, у ёй удзельнічалі мясцовыя ратавальнікі, валянтэры і афіцэры з Нацыянальнага парку Сірынат, вэрталёт каралеўскага флёту Тайлянду ўдзельнічаў у пошуках з паветра.

2 лістапада на інданэзійскім востраве Балі спынілі актыўны пошук 34-гадовага праграміста з Горадні Сяргея Б., які зьнік 27 кастрычніка, паведамляе мясцовае выданьне Balicitizen са спасылкай на кіраўніка Нацыянальнага агенцтва пошуку і выратаваньня.

Мужчына зьнік у раёне 130-мэтровай скалы Танджунг Мэбул. Побач знайшлі арандаваную ім машыну. Сам мужчына, паводле відавочцаў, сарваўся ў ваду. Дзясяткі чалавек з паветра, зямлі і вады шукалі беларуса ці яго цела, але бесьпаспяхова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG