Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хадзілі ў горы 30 гадоў, у Сванэцію пайшлі другі раз». Што вядома пра турыстак, якія загінулі ў Грузіі


На грузінскую гару Тэтнульды ўздымалася група зь Берасьця. Яны арганізоўваліся самастойна, у горы хадзілі шмат гадоў. Трагедыя, у выніку якой тры турысткі сарваліся, дзьве загінулі і адна атрымала раненьні, здарылася праз умовы надвор’я.

У грузінскіх гарах загінулі дзьве беларускія турысткі. Гэта Аксана, якой было 36 гадоў і Ганна, якой было каля 60. Яшчэ адна турыстка 1967 году нараджэньня, жонка кіраўніка экспэдыцыі Алена, атрымала раненьні. Цяпер яна знаходзіцца ў лякарні ў горадзе Мэстыі.

У горы хадзілі 30 гадоў

Раней турысты хадзілі ў паходы зь берасьцейскім клюбам «Цытадэль», але цяпер ходзяць сваёй групай, сем’ямі. У групе складам ад 5 чалавек яны і выправіліся на Тэтнульды. Пра гэта Свабодзе расказаў старшыня клюбу «Цытадэль» Сяргей Паўлавец. Кіраваў паходам Сяргей Сірач.

«У асноўным у групе былі турысты зь Берасьця. Яны ішлі ў зьвязцы і адышлі крыху наперад. Там нешта адбылося, яны сарваліся. Сірач Алена і яе муж хадзілі ў паходы сем’ямі, яны спрактыкаваныя, самі арганізоўваліся. Канкрэтна туды яны пайшлі другі раз, былі летась такім жа складам, у іхнай кваліфікацыі я ўпэўнены», — сказаў Свабодзе Сяргей Паўлавец.

Турыстак знайшлі ў расколіне дзякуючы ліхтарыку

Паводле грузінскіх ратавальнікаў, зь якімі зьвязаўся Tut.by, турыстак знайшлі 15 жніўня раніцай. Ратавальнікі заўважылі ліхтарык, які сьвяціў праз расколіну. Ім змагла скарыстацца Алена Сірач. Пасьля зрыву яна скацілася па сьнезе на 500 мэтраў уніз. Паводле ратавальнікаў, месца, дзе сарваліся турысткі, дастаткова небясьпечнае, бо там сёлета шмат сьнегу і лёду.

Пасьпяхова падняліся, але сарваліся на спуску

Група зь беларускіх турыстаў пасьпяхова паднялася на Тутлунды, на вышыню ў 4300 мэтраў, уначы 14 жніўня. Трагедыя здарылася на адваротным шляху, падчас спуску. Алена, Ганна і Аксана былі зьвязаныя паміж сабой вяроўкай. Яны пайшлі наперад і сарваліся з гары. Астатнія турысты зьвярнуліся да ратавальнікаў, якія шукалі беларусак да раніцы 15 жніўня.

Гара Тэтнульды мае вышыню 4869 мэтраў, двухгаловую вяршыню; з гары сьцякаюць ледавікі Аіш і Нагеб.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG