Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Ноч расстраляных паэтаў» беларусы ахвяравалі амаль 5 тысяч даляраў


Актывіст Зьміцер Дашкевіч апублікаваў у Фэйсбуку кароткую справаздачу, колькі грошай сабралі на штогадовую акцыю памяці «Ноч расстраляных паэтаў», якая прайшла 29 кастрычніка ў Курапатах, і на што іх патрацілі.

Паводле Дашкевіча, агулам на «Ноч расстраляных паэтаў» патрацілі 4907 даляраў. Зь іх:

  • 3349 даляраў сабралі праз Фэйсбук,
  • 308 даляраў (617руб) — на плятформе збору сродкаў «Моламола»,
  • 250 даляраў — праз прыватныя ахвяраваньні,
  • 1000 даляраў ахвяраваў паўгода таму «адзін патрыёт яшчэ да крыжалому» (тады сродкі меліся пайсьці на ўсталяваньне новых крыжоў, але як цяпер гэта немагчыма, то былі накіраваныя на праекты «Ночы», патлумачыў Дашкевіч).

Грошы пайшлі на:

  • рэкляму акцыі (плякаты, флаеры, буклеты, рэкляму ў сацыяльных сетках і інш.),
  • тэхнічнае аздабленьне акцыі (апаратура, падсьвятленьне, запіс трэку, тэны на выпадак дажджу і інш.),
  • памятную шыльду рэпрэсаванаму пісьменьніку Васілю Кавалю, расстралянаму ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году (шыльду ўсталявалі 30 кастрычніка ў ягонай роднай вёсцы),
  • запіс трэку на верш аднаго з расстраляных літаратараў Міхася Чарота,
  • падрыхтоўку аўдыёдыску «Ноч расстраляных паэтаў» (ён будзе выдадзены пад кіраўніцтвам кампазытара, былога ўдзельніка «Песьняроў» Аляксандра Віслаўскага да акцыі наступнага году),
  • падтрымку бескаштоўных экскурсій Валерыі Чарнаморцавай па тэме Курапатаў,
  • падтрымку выданьня кнігі «(Не)расстраляныя» пра рэпрэсаваных беларускіх літаратараў з выбранымі творамі, дакумэнтамі, фота і музычным CD-дадаткам (збор сродкаў на яе праходзіў на ulej.by),
  • на сплату падаткаў і іншае.

Зьміцер Дашкевіч падзякаваў усім, хто ахвяраваў грошы, а таксама свой час і сілы на падрыхтоўку і правядзеньне «Ночы расстраляных паэтаў» у Курапатах. «Патрыёты, якія ахвяравалі сабою дзеля Беларусі, вартыя нашай памяці і нашай працы. Дзякуй усім за падтрымку і ўдзел, за тую веру ў перамогу Сьвятла над Цемраю, якою напаўняемся мы ў #Ночпаэтаў», — напісаў Дашкевіч.

29 кастрычніка ў мэмарыяле Курапаты, дзе ў 1930-я гады адбываліся масавыя расстрэлы, прайшла трэцяя штогадовая акцыя памяці «Ноч расстраляных паэтаў». У ёй узялі ўдзел некалькі сотняў чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG