Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Microsoft заявіла пра атакі расейскіх хакераў Fancy Bear на антыдопінгавыя арганізацыі


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Кампанія Microsoft 28 кастрычніка паведаміла пра кібэратакі расейскай групы хакераў Strontium (якая таксама завецца Fancy Bear і ATP28) на антыдопінгавыя і спартовыя арганізацыі па ўсім сьвеце.

«Сама меней 16 нацыянальных і міжнародных спартовых і антыдопінгавых арганізацый на трох кантынэнтах сталі мішэньню гэтых нападаў, якія пачаліся 16 верасьня, незадоўга да паведамленьняў пра новыя магчымыя дзеяньні Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва. Некаторыя з гэтых нападаў былі пасьпяховымі, але большасьць — не», — гаворыцца ў паведамленьні.

Microsoft апавясьціла ўсіх кліентаў, на якіх былі скіраваныя атакі, і супрацоўнічала з тымі, хто зьвярнуўся па дапамогу, для абароны скампрамэтаваных уліковых запісаў або сыстэм.

У кампаніі адзначаюць, што гэта ня першы выпадак, калі хакеры Strontium атакавалі такія арганізацыі. Раней група апублікавала мэдыцынскія запісы і электронныя лісты, атрыманыя ад спартовых арганізацый і антыдопінгавых чыноўнікаў у 2016 і 2018 гадах.

Расейскую хакерскую групоўку Strontium (Fancy Bear / APT28) таксама зьвязваюць з:

  • атакамі на сэрвэры нямецкага Бундэстагу ў 2015 годзе;
  • атакамі на сэрвэры Дэмакратычнай партыі ЗША ў 2016 годзе і ўзломам пошты Гілары Клінтан;
  • спробамі Расеі паўплываць на выбары ў Кангрэс ЗША ў 2018 годзе,
  • узломам буйных кампаніяў вайскова-прамысловага комплексу ЗША;
  • сачэньнем за францускім прэзыдэнтам Эманюэлем Макронам і інш.

23 верасьня стала вядома, што Расея зноў прапусьціць чэмпіянат сьвету ў лёгкай атлетыцы — выканаўчы камітэт Сусьветнай лёгкаатлетычнай фэдэрацыі (IAAF) падоўжыў забарону на ўдзел расейскіх атлетаў у спаборніцтвах у сувязі з новым допінгавым скандалам.

Расейская зборная лёгкай атлетыкі прапусьціла Алімпійскія гульні 2016 году і чэмпіянат сьвету 2017 году. Да спаборніцтваў дапускаліся пад нэўтральным сьцягам толькі асобныя расейскія спартоўцы, якія змаглі даказаць, што не ўжывалі допінгу.

Маскоўскую антыдопінгавую лябараторыю падазраюць у падробцы дадзеных аб допінг-пробах перад іх перадачай у WADA. Калі гэта пацьвердзіцца, дзейнасьць Расейскага антыдопінгавага агенцтва (РУСАДА) будзе прыпыненая. Праз дыскваліфікацыю РУСАДА на зімовых Гульнях 2018 году ў Паўднёвай Карэі расейскія спартоўцы выступалі пад нэўтральным сьцягам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG