Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Негуманна і неэфэктыўна». Эўразьвяз асудзіў чарговы сьмяротны прысуд у Беларусі


Плякат супраць сьмяротнага пакараньня, архіўнае фота

Прэс-сакратарка ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Эўразьвязу Мая Качыянчыч апублікавала заяву адносна чарговага сьмяротнага прысуду ў Беларусі.

Берасьцейскі абласны суд 25 кастрычніа агучыў вырак у справе аб забойстве 8-месячнай дзяўчынкі ў Лунінцы. Абаім абвінавачаным прысудзілі максымальнае пакараньне. Маці дзяўчынкі Натальлі Колб — 25 гадоў калёніі агульнага рэжыму (сьмяротнае пакараньне і пажыцьцёвае зьняволеньне жанчынам у Беларусі не прысуджаюць). А ейнаму сужыцелю Віктару Сяргелю, якога прызналі ўдзельнікам забойства, прысудзілі сьмяротнае пакараньне.

Эўразьвяз, піша Мая Качыянчыч, выказвае шчырыя спачуваньні ўсім, хто пацярпеў ад злачынства, але выступае супраць вышэйшай меры пакараньня пры любых абставінах.

«Вышэйшая мера пакараньня — гэта негуманнае і неэфэктыўнае пакараньне, якое ня дзейнічае як стрымліваючы фактар, — тлумачыць яна. — Мараторый на расстрэлы ў Беларусі стане станоўчым першым крокам да скасаваньня сьмяротнага пакараньня ў краіне.

Такім чынам Беларусь далучыцца да ўсё большай колькасьці краінаў, якія выкаранілі сьмяротнае пакараньне альбо ў законе, альбо фактычна, а за апошнія 10 гадоў у 160 краінах сьвету не было расстрэлаў».

Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

  • Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш за 300 сьмяротных прысудаў.
  • Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
  • Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG