Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз занепакоіла справаздача спэцдакладчыка ААН пра Беларусь. Менск назваў яе «фантастычнай літаратурай»


Сьцяг Эўразьвязу, ілюстрацыйнае фота
Сьцяг Эўразьвязу, ілюстрацыйнае фота

У Брусэлі занепакоеныя зьместам справаздачы спэцдакладчыка ААН аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, заявіў афіцыйны прадстаўнік Эўразьвязу 17 кастрычніка ў Нью-Ёрку, паведамляе БелаПАН.

На пасяджэньні камітэту ў сацыяльных, гуманітарных і культурных пытаньнях у рамках 74-й сэсіі Генасамблеі ААН​ у Нью-Ёрку Анаіс Марэн прадставіла справаздачу аб сытуацыі ў Беларусі напярэдадні парлямэнцкіх выбараў. Яе выступ і абмеркаваньне дакладу трансьляваліся на сайце вэб-тэлевізіі ААН.

Прадстаўнік Эўразьвязу заявіў, што зьмест дакладу і высновы зробленыя ў ім, згодна зь якімі ў Беларусі «не дасягнуты неабходны прагрэс у правядзеньні рэформаў і працягваецца абмежаваньне асноўных свабодаў», выклікаюць трывогу, «асабліва беручы пад увагу, што ўжо шосты год запар спэцдакладчык сутыкаецца з адсутнасьцю супрацоўніцтва з боку Беларусі».

«У дакладзе гаворыцца, што ствараецца толькі ілюзія захаваньня міжнародных стандартаў, застаюцца неспрыяльнымі ўмовы для выказваньня апазыцыйных пунктаў погляду, што зьяўляецца парушэньнем палітычных правоў чалавека, а таксама перашкаджае рэалізацыі свабоды на мірныя сходы і асацыяцыі, якія сутыкаюцца з абмежаваньнямі», — адзначыў сьпікер ад Эўразьвязу і заклікаў урад Беларусі «забясьпечыць поўнае выкананьне правоў чалавека і асноўных свабодаў да, падчас і пасьля выбарчага цыклю, і стварыць спрыяльныя ўмовы для таго, каб людзі маглі прымаць удзел у дзяржаўнай дзейнасьці».

Аналягічную пазыцыю на пасяджэньні прадэманстравалі прадстаўнікі Польшчы, Чэхіі, Нямеччыны і Літвы.

Прадстаўнік Нарвэгіі таксама заклікаў Беларусь адмяніць сьмяротнае пакараньне, незалежна ад грамадзкай думкі, а прадстаўнік Вялікай Брытаніі — хаця б увесьці мараторый у якасьці першага кроку да адмены гэтай меры пакараньня.

Сьпікер ад ЗША, сярод іншага, заклікала беларускі ўрад аблегчыць працэдуру рэгістрацыі структур грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку няўрадавых праваабарончых арганізацый.

Як раней паведамляў БелаПАН, намесьніца пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў ААН Ірына Вялічка назвала даклад Анаіс Марэн «пісьменьніцтвам, якое блізкае да фантастычнай літаратуры».

Яна заявіла, што «рэзалюцыя аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі і створаны ёю мандат спэцдакладчыка — вынік недальнабачных палітычных амбіцый і прыклад злоўжываньня працэдурамі Рады правоў чалавека». Гэтыя інструмэнты «ня служаць мэце заахвочваньня і абароны правоў чалавека», падкрэсьліла Вялічка і заявіла, што ў Беларусі ня бачаць сэнсу ў дыялёгах са спэцдакладчыкам ААН і лічаць, што «трэба весьці дыялёг без пасярэднікаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG