Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казахстан адмовіўся купляць акцыі «Гомсельмашу»


«Гомсельмаш», ілюстрацыйнае фота
«Гомсельмаш», ілюстрацыйнае фота

У Казахстане гатовыя інвэставаць у стварэньне вытворчасьці кампанэнтаў для беларускага «Гомсельмашу» замест куплі пакету акцый холдынгу, пра якую ўчора казаў Лукашэнка, піша БелТА.

Пра гэта 24 кастрычніка расказаў журналістам сябра рады дырэктараў казахстанскага «Аграмашхолдынг KZ» Андрэй Лаўрэнцьеў.

«Казахстану патрэбныя кампэтэнцыі ў вытворчасьці сельскагаспадарчага машынабудаваньня, а кампанія „Гомсельмаш“ мае іх, яе прадукцыя катуецца ў многіх краінах. Але цяпер, паглядзеўшы на гэта шырэй, мы зразумелі, што нам, магчыма, ня трэба ўпірацца ва ўваходжаньне ў капітал, а выбраць, дапусьцім, адну мадэль для сумеснай каапэрацыі і ўліваньня сродкаў або ўзяць нейкія кампанэнты, у якіх мае патрэбу „Гомсельмаш“, і ўжо казахстанскім бокам прафінансаваць менавіта іх вытворчасьць», — адзначыў Лаўрэнцьеў.

На яго думку, ад гэтага выйграюць абодва бакі — у Казахстане створаць новыя рабочыя месцы для людзей, а Беларусь працягне самастойна кіраваць сваім прадпрыемствам і ўкладаць грошы ў яго разьвіцьцё. «Прамысловая каапэрацыя ў сфэры вытворчасьці кампанэнтаў, рэалізацыя нейкай адной мадэлі — гэта больш пэрспэктыўная мадэль супрацоўніцтва на сёньняшні дзень, эканамічна самая апраўданая», — дадаў Лаўрэнцьеў.

Якія менавіта кампанэнты могуць вырабляцца ў Казахстане для патрэбаў «Гомсельмаша», яшчэ абмяркоўвалі. Аднак, паводле Лаўрэнцьева, мясцовы бізнэс гатовы ўкласьці ў вытворчасьць ад 50 да 120 мільёнаў даляраў.

На працягу 1,5 года беларускі бок абмяркоўваў з казахстанскім яго ўваходжаньне ў акцыянэрны капітал «Гомсельмашу».

Днём раней Аляксандар Лукашэнка заявіў, што дамовіўся з кіраўніком Казахстану Касым-Жамартам Такаевым аб продажы буйнога пакету акцый «Гомсельмашу». «Ён ужо зацікавіўся гэтым праектам, мы будзем яго абмяркоўваць», — казаў Лукашэнка.

А 24 кастрычніка міністар прамысловасьці Беларусі Павел Уцюпін казаў, што ўваходжаньне Казахстану ў склад «Гомсельмашу» можа стаць наступным крокам пасьля нарошчваньня супольнай вытворчасьці ў Кастанаі, «але гэта прадмет перамоваў», «пытаньні абмяркоўваюцца з казахстанскай бокам, не магу сказаць, што адпрацоўка працэсу на завяршальнай стадыі». Уцюпін падкрэсьліў, што ў Беларусі няма мэты проста прадаць якое-небудзь прадпрыемства або частку яго акцый.

У студзені 2018 году паведамлялася, што купіць 60–75% акцый «Гомсельмашу» хацела кітайская кампанія «Цзуншэнь», але калі беларускі бок выставіў ім патрабаваньні па захаваньні віду дзейнасьці, правядзеньні мадэрнізацыі і іншыя, кітайцы адмовіліся.

Дзяржава прапаноўвала акцыі холдынгу ў абмен на інвэстыцыі ня менш як 500 млн даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG