Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За «адкаты» затрымалі кіраўнікоў Віцебскага лікёра-гарэлачнага заводу і Чашніцкага сьпіртзаводу


Алькаголь беларускіх вытворцаў
Алькаголь беларускіх вытворцаў

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі падчас атрыманьня хабару затрымаў генэральнага дырэктара ААТ «Віцебскі лікёра-гарэлачны завод „Прыдзьвіньне“» Міхаіла Васілеўскага і дырэктара Чашніцкага ААТ «Чысты выток 1872» Дзьмітрыя Нясьмірнага.

Як паведамляе газэта «СБ. Беларусь сегодня», абодва былі затрыманыя, калі атрымлівалі «адкаты» ад дырэктара прыватнай фірмы «Фінікон» Міхаіла Ладаўра. Па інфармацыі выданьня, Васілеўскі атрымаў 15 000 даляраў за перамогу фірмы ў тэндэры на мадэрнізацыю філіі «Багушэўскі сьпіртзавод», Нясьмірны — 1300 даляраў за своечасовую аплату па дамове.

У гендырэктара «Прыдзьвіньня» падчас ператрусу знайшлі 75 000 даляраў. Абодва кіраўнікі ўжо далі прызнальныя паказаньні і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.

Затрыманьне прадстаўнікоў дырэктарскага корпусу Віцебшчыны адбывалася ў рамках расьсьледаваньня карупцыйных схемаў у канцэрне «Белдзяржхарчпрам» і ААТ «Менск Крышталь». Днямі старшыня канцэрну Аляксандар Забела і генэральны дырэктар прадпрыемства Станіслаў Іодзіс былі вызваленыя ад пасадаў.

Міхаілу Васілеўскаму 67 гадоў, ён пасьпеў пабыць старшынём Чашніцкага райвыканкаму і дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР, у 2004 годзе стаў генэральным дырэктарам «Прыдзьвіньня». Дзьмітрый Нясьмірны ў 2017 годзе быў прызнаны найлепшым кіраўніком Віцебскай вобласьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG