Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля карупцыйнага скандалу звольнілі старшыню «Белдзяржхарчпраму» і дырэктара «Менск Крышталю»

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота Shutterstock

Старшыня канцэрну «Белдзяржхарчпрам» Аляксандар Забела і генэральны дырэктар ААТ «Менск Крышталь» Станіслаў Іодзіс 21 і 22 кастрычніка адпаведна вызваленыя ад займаных пасадаў.

Пра гэта БелТА паведамілі ў прэс-службе беларускага ўраду.

Раней пра адстаўку Аляксандра Забелы і дырэктара ААТ «Менск Крышталь» Станіслава Іодзіса паведаміў партал Tut.by. Свабодзе гэтую інфармацыю не пацьвярджалі ні ў канцэрне «Белдзяржхарчпрам», ні ў прэс-службе Савету міністраў. У прыёмнай канцэрну сказалі, што Забела «не працуе».

На шэрагу прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у сыстэму канцэрнаў «Белдзяржхарчпрам» і «Белнафтахім», праваахоўныя органы выявілі факты карупцыі. За атрыманьне хабару завялі 7 крымінальных справаў, за даваньне — адну, паведамілі на тэлеканале Беларусь 1. Чатыры фігуранты знаходзяцца пад вартай.

«У сувязі з гэтым у такіх арганізацыях, як ААТ «Менск Крышталь» — кіроўная кампанія холдынгу «Менск Крышталь Груп», ААТС «Віцебскі лікёра-гарэлачны завод „Прыдзьвіньне“», ААТ «Пінскі вінаробны завод», а таксама ў ААТ «Хімрамонт» звольненыя на розных падставах агулам сем работнікаў, якія займаюць розныя кіроўныя пасады», — паведамілі ў прэс-службе.

Паводле КДБ, карупцыйныя схемы ў алькагольнай галіне мелі сыстэмны характар. Заснавальнікі фірмаў «Эталон-Маркет» і «Фінікон», прапаноўваючы хабар, лабіравалі свае інтарэсы па пастаўцы абсталяваньня, прэпаратаў і іншых кампанэнтаў для дзяржаўных заводаў, паведамляе БелТА.

Памер «узнагароджаньняў» залежаў ад сум кантрактаў і складаў ад 500 даляраў да 15 тысяч эўра. У шырокую карупцыйную схему былі ўцягнутыя дзяржпрадпрыемствы розных рэгіёнаў, таму апэратыўнікі адначасова працавалі ў Менскай і Віцебскай абласьцях.

У выніку пры атрыманьні хабару былі затрыманыя службовыя асобы прадпрыемстваў алькагольнай галіны, прычым у аднаго зь іх падчас сьледчых дзеяньняў вынята 75 тыс. даляраў.

Затрыманыя далі прызнальныя паказаньні і супрацоўнічаюць са сьледзтвам, сямёра сталі фігурантамі крымінальных спраў, узбуджаных па арт. 430 (атрыманьне хабару) КК. Чатыры фігуранты ўзятыя пад варту.

У верасьні сілавікі пачалі праверкі шэрагу заводаў, якія вырабляюць алькагольную прадукцыю. У выніку былі затрыманыя некалькі топ-мэнэджараў.

Аляксандар Забела ўзначальваў «Белдзяржхарчпрам» з 2012 года.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG