Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кітаі асудзілі пяць наёмных забойцаў. Кожны хацеў спіхнуць працу на іншага


Суд у правінцыі Гуансі на поўдні Кітаю пакараў шасьцёх мужчын турэмным зьняволеньнем ад двух да пяці гадоў за няўдалую спробу кантрактнага забойства.

CNN паведамляе, што справа пачалася ў кастрычніку 2013, калі забудоўшчык Тан зьвярнуўся да першага меркаванага забойцы, Сі, з прапановай забіць бізнэс-канкурэнта з прозьвішчам Вэй.

Наняты Сі атрымаў два мільёны кітайскіх юаняў (282 600 даляраў), каб забіць Вэя, які падаў пазоў супраць кампаніі Тана у сувязі са спрэчкай вакол будаўнічага праекту.

Сі ўзяў грошы і перадаў працу іншаму меркаванаму забойцу, Мо, захоўваючы пры гэтым палову пачатковай сумы.

Мо таксама вырашыў пакарыстацца наймітам. Ён паклаў у кішэню частку прапанаванай платы і знайшоў іншага чалавека — Яня. Мо выплаціў Яню 270 000 кітайскіх юаняў (38 100 даляраў) і паабяцаў яшчэ 500 000 кітайскіх юаняў, калі праца будзе завершана.

Янь паклаў у кішэню частку грошай і перадаў замову чацьвёртаму чалавеку, які называўся таксама Янь.

Ланцужок «аўтсорсінгу» працягваўся больш за паўгода, пакуль заданьне не дайшло да пятага чалавека, Лінга. Яму за забойства Вэя прапанавалі ўсяго 100 000 юаняў (14 100 даляраў).

Лінг таксама не захацеў выканаць замовы. Замест таго, каб забіць Вэя ці знайсьці іншага выканаўцу, ён сустрэўся з Вэем і прапанаваў яму дапамогу ў «пастаноўцы забойства». Зрабіўшы фэйкавыя здымкі, Лінг паведаміў пра свой «посьпех» па ланцужку, аж да Тана.

Тым часам Вэй паведаміў пра выпадак у паліцыю, якая абвінаваціла Тана і пяцёх меркаваных выканаўцаў замовы ў плянаваньні наўмыснага забойства.

Тан атрымаў пяцігадовы тэрмін турэмнага зьняволеньня, а іншыя ўдзельнікі ланцужка ад двух да чатырох гадоў пазбаўленьня волі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG