Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даруй нам, маленькая 


Чатырохгадовую дзяўчынку зьбіў бацька, пасьля чаго яна памерла ў лякарні. Сьледчы камітэт паведамляе, што мужчына стаў трэсьці дзяўчынку, наносіў удары рукамі і нагамі, а пасьля некалькі разоў кінуў яе на тахту, а таксама ў сьцяну.

Мне страшна ўявіць, што яна адчувала, пакуль гэта адбывалася, але яшчэ больш страшна мне ад таго, што з такімі навінамі нам усім, здаецца, трэба неяк звыкацца.

Бо чаго яшчэ чакаць, калі гвалт у дачыненьні да дзяцей у нас наўпрост ухваляецца прэзыдэнтам? Спачатку Лукашэнка публічна заяўляў, што добрая папруга часам карысная для дзіцяці, а потым казаў, што на месцы сумна вядомай гомельскай настаўніцы адкруціў бы галаву шчанюку (так ён назваў хлопчыка). А калі гэты чалавек нешта заяўляе публічна, яго словы чароўным чынам робяцца больш значнымі за любыя законы, прынятыя ў нашай краіне.

Такім чынам, у Беларусі цяпер ёсьць непісанае, але строгае правіла: біць дзяцей можна і нават трэба. Я ня ведаю, ці быў той бацька, які кідаў сваю чатырохгадовую дачку ў сьцяну, у курсе гэтых заяваў прэзыдэнта, але ён дзейнічаў акурат у адпаведнасьці зь імі. Дачка яго ў нечым не паслухалася, і ён яе пакараў. Зрэшты, ён дасягнуў сваёй мэты — больш яна ніколі яго не аслухаецца.

Я ня ведаю, што трэба было зрабіць, каб гэтай трагедыі не адбылося. Раней пазбаўляць бацькоў бацькоўскіх правоў і забіраць дзіця зь сям’і? Дык маці бацькоўскіх правоў ужо пазбаўлена, а дзяўчынку зь сям’і ўжо забіралі, але бацька нейкім чынам паказаў, што ён выправіўся і гатовы далей выхоўваць дачку. Трэба было неяк даглядаць за сям’ёй? Прымусова вучыць бацьку дзіцячай псыхалёгіі і кантролю над гневам? Я ня ўпэўнена, што гэта ўсё гарантавала б бясьпеку дзяўчынцы, але яўна б не нашкодзіла.

Затое я дакладна ведаю, чаго ні ў якім разе нельга было рабіць. Нельга было кіраўніку дзяржавы заяўляць, што біць дзяцей — гэта правільная справа. Гэтая заява — не проста нечае асабістае меркаваньне і не праява свабоды слова. Гэта наўпроставая легітымізацыя гвалту і ўхваленьне садызму гарантам Канстытуцыі. І, верагодна, мы пакуль не ўяўляем сапраўдны маштаб наступстваў такой заявы.

Маленькая дзяўчынка памерла сёньня ў лякарні ня ў выніку няшчаснага выпадку і не таму, што ў яе бацькі «ня вытрымалі нэрвы». Яе сьмерць — гэта жудасны і адначасова з тым лягічны вынік палітыкі, у якой дзіця — гэта непаўнавартасны чалавек і хутчэй успрымаецца як маёмасьць бацькоў, чым як асоба. Гэта вынік палітыкі, у якой мітычныя «сямейныя каштоўнасьці» важнейшыя за жыцьці рэальных людзей. І, ўрэшце, гэта вынік палітыкі, у якой сапраўднае права голасу мае толькі адзін чалавек. А мы ўсе падладжваемся, больш ці менш пасьпяхова.

Чатырохгадовая дзяўчынка не змагла падладзіцца пад такія правілы, і гэта каштавала ёй жыцьця. Што будзе зь яе бацькам далей, вырашыць суд. Што будзе далей з усімі намі, невядома.

Даруй нам, маленькая. Мы табе не дапамаглі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG