Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гайнаўцы судзяць каля 30 чалавек, якія хацелі спыніць шэсьце прыхільнікаў «Бурага»


Марш нацыяналістаў у Гайнаўцы ў 2018 годзе. Архіўнае фота.
Марш нацыяналістаў у Гайнаўцы ў 2018 годзе. Архіўнае фота.

У панядзелак у гайнаўскім судзе на Беласточчыне пачынаюцца працэсы каля 30 чалавек, якіх абвінавачваюць у блякаваньні ў лютым Маршу выклятых жаўнераў, паведамляе Gazeta Wyborcza.

Акцыю арганізавалі польскія нацыяналісты, якія ўшаноўвалі, між іншым, Рамуальда Райса «Бурага», адказнага за забойства беларусаў Падляшша пасьля Другой сусьветнай вайны.

Абвінавачаныя — гэта актывісты апазыцыйных да сёньняшняга ўраду ў Польшчы арганізацый «Грамадзяне РП», «Камітэту абароны дэмакратыі» і іншыя, хто 23 лютага хацеў спыніць шэсьце нацыяналістаў у цэнтры мястэчка. Паліцыя Гайнаўкі абвінаваціла 26 чалавек, але, як паведамляе Gazeta Wyborcza, рыхтуюцца чарговыя 50 заяваў у суд.

— Гэтага працэсу ўвогуле не павінна быць. Абвінавачаныя дзейнічалі спантанна і мелі права выказаць свае погляды, — сказала перад пачаткам працэсу адвакатка Дарота Лаўроўская.

Паліцыя абвінавачвае актывістаў у парушэньні трох артыкулаў Кодэксу аб дробных правапарушэньнях, якія прадугледжваюць пакараньне за чыненьне перашкоды легальнай акцыі. За гэта ім пагражае арышт да 14 дзён, штраф, вымова або абмежаваньне свабоды.

Польскія нацыяналісты чарговы раз ушаноўвалі Рамуальда Райса «Бурага». У 1946 годзе ягоны атрад забіў 79 праваслаўных беларусаў, у тым ліку дзяцей і жанчын. Інстытут нацыянальнай памяці прыйшоў да высновы, што гэтае злачынства мела прыкметы генацыду.

На трасе шэсьця нацыяналістаў чакалі «Грамадзяне РП». Яны трымалі транспарант «Буры не герой» і табліцы з назвамі вёсак, якія зьнішчыў атрад Рамуальда Райса. На асфальт яны кінулі 79 белых ружаў.

Адным з важакоў шэсьця, у якім удзельнічала каля 300 чалавек, быў Пётра Рыбак. У Дзень памяці ахвяраў Галакосту ён правёў маніфэстацыю каля былога лягеру ў Асьвенціме. У лістападзе 2015 году ён спаліў на плошчы ва Ўроцлаве ляльку габрэя. За гэта яму прысудзілі 10 месяцаў пазбаўленьня волі, але вырак быў зьменшаны да трох месяцаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG