Лінкі ўнівэрсальнага доступу

93-гадовы партызан «Бурага», які быў прысутны падчаc зьнішчэньня беларускай вёскі, выступіў на шэсьці. ВІДЭА


Ілюстрацыйнае фота. Марш польскіх нацыяналістаў у Гайнаўцы, 2018 год
Ілюстрацыйнае фота. Марш польскіх нацыяналістаў у Гайнаўцы, 2018 год

Некалькі соцень чалавек узялі ўдзел у шэсьці ў Беластоку ў нагоды Нацыянальнага дня памяці «Выклятых жаўнераў». Перад прысутнымі выступіў 93-гадовы падпаручнік (лейтэнант. — РС) Аляксандар Духноўскі, які ўдзельнічаў у зьнішчэньні беларускай вёскі Зані, піша Gazeta Wyborcza.

Вячэрняе шэсьце адбылося празь некалькі гадзінаў пасьля афіцыйных урачыстасьцяў. Арганізатарамі акцыі выступілі нацыяналістычныя арганізацыі «Ўсяпольская моладзь», Нацыянальна-радыкальны лягер, Нацыянальны рух, а таксама прадстаўнікі заўзятарскіх суполак і каталіцкіх арганізацыяў.

​​​Перад прысутнымі выступіў 93-гадовы Аляксандар Духноўскі, псэўданім Zryw (Парыў), які быў жаўнерам аддзелаў Рамуальда Райса, у тым ліку ва ўзводзе Яна Багушэўскага, які адказвае за злачынствы ў вёсцы Зані. На пачатку лютага 1946 году ад рук польскіх партызанаў там загінулі 24 беларусы, а 8 чалавек параненыя. Польскія партызаны стралялі ў людзей, якія ўцякалі з запаленых будынкаў.

Перад Духноўскім выступіў кіраўнік беластоцкага аддзелу вэтэранскай арганізацыі Зьвяз жаўнераў Нацыянальных узброеных сілаў Мечыслаў Кажэнеўскі.

— Яны не былі бандытамі. Гэта нашыя героі. Яны выконвалі загады, ліквідоўвалі агентаў, якія супрацоўнічалі з саветамі, што аселі асабліва ў праваслаўных вёсках, але ня толькі. Яны ліквідоўвалі і палякаў, якія рабілі тое самае. Статыстыка сьведчыць, што палякаў было зьліквідавана нават больш, таму няма ніякай мовы пра генацыд. Генацыд быў ва Ўкраіне, але пакуль гэта ніхто ня можа вымавіць.

Пасьля яго выступіў Духноўскі, які расказаў, што быў 2 лютага 1946 году ў Занях.

​— Мой бацька быў легіянэрам і, гэтаксама як і я, быў арыштаваны. Я пайшоў ягонымі сьлядамі. Мы не былі бандаю. Мы змагаліся з камуністычным савецкім ладам. Я быў засуджаны на 15 гадоў турмы, якія мне пасьля замянілі на 12. Адседзеў 7 гадоў, адзін месяц і два дні. Каб вас ніколі больш не спаткала расейскае вызваленьне, крочце гэтым шляхам нашых «выклятых жаўнераў».

Удзельнікі маршу пасьля ягонага выступу скандавалі: «Дзякуем! Гонар і слава героям!»

Выступ працягнуў Мечыслаў Кажэнеўскі:

— У зьнішчаных Занях гэтае няўзброенае «ні ў чым не вінаватае» насельніцтва падстрэліла пана Духноўскага. І ён там завершыў свой баявы шлях. Дык якое ж яно было безабароннае, калі яны мелі зброю і стралялі ў жаўнераў. Так яны спрычыніліся да зьнішчэньня вёскі, бо інакш там былі б прыцягнутыя да адказнасьці толькі агенты.

— Такая была праўда, — дадаў Духноўскі.

Пракамэнтаваць публічны выступ вэтэрана аддзелу Рамуальда Райса «Бурага» Свабода папрасіла беларускага актывіста з Падляшша, старшыню Асацыяцыі беларускіх журналістаў Тамаша Суліму.

Тамаш Суліма
Тамаш Суліма

— Мурашы па ўсім целе. Ня верыцца, што праз 14 гадоў пасьля дасьледаваньня Інстытуту нацыянальнай памяці раптам аказваецца, што партызан, які быў у Занях, бессаромна і публічна да гэтага прызнаецца, а мясцовыя польскія нацыяналісты робяць зь яго героя. Калі я добра разумею, генацыд не падлягае пратэрмінаваньню. І тады 93-гадовы спадар Духноўскі павінен растлумачыць усё пракурору, а потым і суду, каб выявіць сваю ролю ў гэтых жудасных здарэньнях. Такое раней здаралася ў дачыненьні да нацысцкіх супрацоўнікаў у даволі пажылым узросце. Чакаю, калі ўся праўда будзе сумленна высьветленая.

Gazeta Wyborcza нагадвае, што шэсьце адбылося праз тыдзень пасьля маршу нацыяналістаў у Гайнаўцы, дзе ўшаноўваўся Рамуальд Райс «Буры», які кіраваў аддзелам, адказным за зьнішчэньне беларускіх вёсак і забойства ўзімку 1946 году 79 мірных жыхароў, сярод якіх былі жанчыны і дзеці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG