Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін распарадзіўся вывучыць паводзіны моладзі ў сеціве


Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін даручыў ураду рэгулярна праводзіць дасьледаваньні спажывецкіх пераваг і асаблівасьцяў паводзінаў моладзі ў сеціве.

У дакумэнце, апублікаваным на сайце Крамля, адзначаецца, што гэта павінна даць уладзе разуменьне, як інфармацыйнае асяродзьдзе ўплывае на фармаваньне поглядаў маладых людзей.

У тым жа дакумэнце Пуцін распарадзіўся стварыць на базе некамэрцыйнай арганізацыі каардынацыйны цэнтар, дзе будуць вырабляць інтэрнэт-кантэнт для духоўна-маральнага выхаваньня моладзі. Расейскі ўрад павінен прадставіць даклад аб выкананьні даручэньняў да 1 сьнежня 2019 году.

Згодна з дадаткам да законапраекту аб бюджэце на 2020-2022 гады, на «патрыятычнае выхаваньне» моладзі плянуецца выдаткаваць 26 мільярдаў рублёў. Па 800 мільёнаў рублёў зь іх штогод хочуць траціць на «стварэньне і распаўсюджваньне кантэнту ў інтэрнэце, накіраванага на ўмацаваньне грамадзянскай ідэнтычнасьці і духоўна-маральных каштоўнасьцяў сярод моладзі».

У траўні РБК са спасылкай на дзьве крыніцы пісаў, што Крэмль будзе кіравацца шасьцю крытэрамі для ацэнкі эфэктыўнасьці працы чыноўнікаў. Сярод так званых КPI (Key Performance Indicators) — зьніжэньне ўзроўню пратэставага патэнцыялу, павышэньне долі патрыятычна настроенай моладзі і рост узроўню сацыяльнага аптымізму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG