Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія анколягі назвалі самы небясьпечны ўзрост для раку малочнай залозы


Лекар глядзіць на вынікі ўльтрагукавога дасьледаваньня малочнай залозы, ілюстрацыйнае фота
Лекар глядзіць на вынікі ўльтрагукавога дасьледаваньня малочнай залозы, ілюстрацыйнае фота

Найчасьцей у Беларусі жанчыны хварэюць на рак малочнай залозы ва ўзросьце 50–69 гадоў. Гэтыя лічбы назваў 15 кастрычніка, у дзень, калі адзначаецца ўсясьветны месяц барацьбы з гэтым захворваньнем, Антон Хораў — навуковец з Рэспубліканскага навуоква-практычнага цэнтру анкалёгіі і мэдыцынскай радыялёгіі ў Бараўлянах.

Што тычыцца сьмяротнасьці ад раку малочнай залозы, то, пачынаючы з 2011 году, яна штогод зьніжаецца. Зьніжэньне невялікае — кожны год на дзясятыя долі адсотка. Але гэта ўсясьветная тэндэнцыя. Нават у Галяндыі, дзе найлепшыя вынікі ў Эўропе, зьніжэньне таксама ідзе на дзясятыя долі адсотка.

Наагул сьмяротнасьць ад раку малочнай залозы ў Беларусі складае 23 выпадкі на кожныя 100 тысяч жанчын. І гэта адзін з найлепшых паказьнікаў на кантынэнце.

Рак малочнай залозы маладзее

Калі 20-30 гадоў таму рак малочнай залозы фіксаваўся ў беларускіх жанчын ва ўзросьце да 30 гадоў літаральна адзінкава, то цяпер такія выпадкі вымяраюцца на дзясяткі, паведаміў супрацоўнік Менскага гарадзкога анкалягічнага дыспансэру Аляксандар Гладышаў. Таксама цяпер гэты від раку часьцей дыягнастуецца ў цяжарных пацыентак і адразу пасьля родаў.

А Антон Хораў патлумачыў: амаладжэньне гэтай хваробы — усясьветная тэндэнцыя. І гэта найперш зьвязана з новым мэдыцынскім абсталяваньнем. Яшчэ 10 гадоў таму мінімальныя пухліны лекары проста ня бачылі. Цяпер рак малочнай залозы заўважаюць значна раней. Невыпадкова, што раней адлік хваробы вёўся ад першай ступені, а ў апошнія гады — з нулявой, калі дастаткова мінімальнага лячэньня.

Аляксандар Гладышаў зьвярнуў увагу, што ў Беларусі павялічылася колькасьць хворых з трэцяй ступеньню. Але тут няма падставаў для вялікага хваляваньня. Зьмянілася мэтодыка кваліфікацыі пухлінаў. Тое, што раней уваходзіла ў другую ступень, цяпер адносяць да трэцяй.

Што раяць лекары

Адзін раз на месяц абавязкова пасьля душу з дапамогай люстэрка самастойна абсьледаваць грудзі. Каб не заблытацца, прапаноўваецца рабіць гэта альбо ў кожны першы дзень месяца, альбо ў дату свайго нараджэньня. І калі намацаеце пухліны, галоўнае не палохацца. Статыстка пераконвае — бальшыня новаўтварэньняў грудзей дабраякасныя.

Жыцьцё пасьля раку (поўная вэрсія ў PDF)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG