Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цягнікі па вокны ў вадзе». Як беларусы перажылі супэртайфун «Хагібіс» у Японіі


Ратавальнікі, якія перавозяць жыхара пасьля тайфуну «Хагібіс», які выклікаў моцныя паводкі, каля ракі Чыкума, у прэфэктуры Нагана, Японія, 14 кастрычніка 2019 году. Фота Reuters

Сама меней 45 чалавек загінулі, два дзясяткі зьніклі бязь вестак, сотні параненых. Такія вынікі супэртайфуну «Хагібіс», які ў мінулыя выходныя абрынуўся на цэнтральныя і ўсходнія ўзьбярэжжы Японіі.

Свабода пацікавілася ў беларусаў, якія жывуць і працуюць у гэтай краіне, як яны перажылі стыхію.

Два дні дома: за акном адбывалася «штосьці неверагоднае»

Сям’я літаратара, прафэсара філялёгіі Вечаслава Казакевіча ўжо больш за 25 гадоў жыве на два гарады — Токіё і Таяма.

Стыхію яны сустрэлі ў Таяма, за 300 кілямэтраў ад сталіцы. Там ва ўнівэрсытэце выкладае Маргарыта Аляксандраўна, а дагэтуль працаваў Вечаслаў Сьцяпанавіч. Двое сутак праседзелі дома, бо за акном адбывалася «штосьці неверагоднае».

Маргарыта і Вечаслаў Казакевічы на бальконе зь відам на Tokyo Sky Tree, архіўнае фота
Маргарыта і Вечаслаў Казакевічы на бальконе зь відам на Tokyo Sky Tree, архіўнае фота

«Жудасна было глядзець, як неверагодны вецер хацеў сарваць кандыцыянэр з нашага балькона, — распавядае спадар Вечаслаў. — Ліло як зь вядра. На нашай лініі хуткасныя цягнікі „Сінкансэн“ загразьлі ў вадзе да паловы вокнаў. Але з большай трывогай мы сачылі за прэфэктурай Канагава, дзе жыве наш сын Сева зь сям’ёй. Там была самая небясьпечная сытуацыя».

Насуперак прагнозам, працягвае суразмоўца, самыя моцныя наступствы — разбураныя масты, размытыя дарогі, затопленыя жылыя раёны — выявіліся ў прэфэктуры Нагана. Менавіта там сотні тысяч чалавек засталіся без электрычнасьці і пітной вады.

Наступствы тайфуну ў прэфэктуры Нагана, 14 кастрычніка 2019 году
Наступствы тайфуну ў прэфэктуры Нагана, 14 кастрычніка 2019 году

«Ня толькі ратавальныя службы, паліцыя і армія ўзяліся за справу, а і ўсе жыхары — у гэтым якраз яднальная сіла японцаў, — гаворыць Вечаслаў Казакевіч. — На жаль, не абышлося без ахвяраў; магчыма, лічбы яшчэ падрастуць, бо ёсьць зьніклыя бязь вестак. Увесь час па тэлевізары суцэльныя карціны патопаў, апоўзьняў, разбурэньняў. Але, паўтаруся, мы тут упэўнены, што ўсё будзе добра».

Набегі на крамы: некаторыя паліцы стаяць зусім пустыя

Дарына Обухава некалькі гадоў таму пераехала ў Японію зь Менску, вывучае малекулярную біялёгію: спачатку ва ўнівэрсытэце Цукубы, а цяпер у Токіё. Там і сустрэла «Хагібіс».

Дарына Обухава
Дарына Обухава

«Яшчэ ў пятніцу пачалі ўсё зьмятаць з крамаў, паліцы зусім пустыя, — дзеліцца яна. — Але ў Токіё было адносна спакойна: ураганны вецер і моцны дождж. Усё, да чаго так ці інакш прызвычайваесься, калі ў такіх умовах жывеш пастаянна. У раёнах, бліжэйшых да рэк, больш небясьпечна, бо могуць выйсьці зь берагоў. А ў некаторых іншых частках краіны наступствы досыць сумныя, напрыклад, на астравах Ізу — адтуль у літаральным сэнсе трансьлююць франтавыя кадры».

Затопленая тэрыторыя ў прэфэктуры Фукусіма з вышыні птушынага палёту, 13 кастрычніка 2019 году
Затопленая тэрыторыя ў прэфэктуры Фукусіма з вышыні птушынага палёту, 13 кастрычніка 2019 году

Трапіла ў эпіцэнтар стыхіі і былая гімнастка Меліціна Станюта — у Японію яе запрасілі даць майстар-клясы. Аднак на некалькі дзён давялося ўзяць вымушаную паўзу.

Меліціна Станюта, архіўнае фота
Меліціна Станюта, архіўнае фота

«Бацькі гімнастак прынесьлі ежы на цэлую армію, каб я нікуды не выходзіла — такой набітай лядоўні нават ня памятаю, — напісала яна ў сацсетках. — Паклала блізка пашпарт, ляжу і вырашаю — баяцца мне ці ня вельмі?.. Раней у Токіё ўжо адчувала землятрус, прыслухоўвалася ўначы да раўнамернага рыпу тросаў унутры будынка. Цяпер вось тайфун...»

Надзвычайная сытуацыя абышла беларуску бокам, трэнінгі маладых спартоўцаў працягваюцца ў заплянаваным фармаце.

Рэкамэндацыі амбасады: запас харчаваньня і пітной вады на 2-3 дні

Наступствы тайфуну ў прэфэктуры Нагана, 14 кастрычніка 2019 году
Наступствы тайфуну ў прэфэктуры Нагана, 14 кастрычніка 2019 году

Звыш 30 тысяч японцаў дагэтуль ня могуць вярнуцца ў свае затопленыя ці разбураныя дамы і нейкі час будуць заставацца ў эвакуацыйных цэнтрах, паведамляюць ратавальнікі.

Блізу 100 тысяч будынкаў у Токіё і 13 прэфэктурах ня маюць электразабесьпячэньня, аднавіць падачу абяцаюць да сярэдзіны тыдня. Амаль 150 тысяч кватэраў і прыватных дамоў пазбаўленыя водазабесьпячэньня, ваду людзям падвозяць аўтацыстэрнамі.

Паступова ўваходзіць у звыклы рытм транспартная сыстэма — цягам выходных міжнародныя і ўнутраныя авіязносіны, а таксама праца чыгункі былі паралізаваныя. Размыла ўчасткі некаторых аўтамабільных дарог.

Токіё 12 кастрычніка
Токіё 12 кастрычніка

«Хагібісу» быў нададзены максымальны ўзровень пагрозы, 10 мільёнам чалавек было рэкамэндавана эвакуавацца. Магутнасьць яго параўноўвалі зь іншым супэртайфунам, «Ідай», які накрыў Японію ў 1958 годзе: тады ахвярамі сталі больш за 1200 чалавек. Сучасная сыстэма раньняга апавяшчэньня дапамагла сустрэць стыхію падрыхтаванымі.

Амбасада Беларусі ў Японіі таксама загадзя папярэдзіла суайчыньнікаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі краіны, пра набліжэньне тайфуну «павышанай катэгорыі небясьпекі». У дыпмісіі параілі перадусім выконваць захады асабістай бясьпекі — у прыватнасьці, забясьпечыць запас харчаваньня і пітной вады на 2-3 дні і бяз моцнай неабходнасьці не выходзіць на вуліцу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG