Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы ня клюб самагубцаў». У Екацярынбургу адкрылася кавярня, куды прыходзяць гутарыць пра сьмерць. ВІДЭА


У Екацярынбургу, што ў Сьвярдлоўскай вобласьці Расеі, адкрылі Death Сafe — кавярню, куды прыходзяць паразмаўляць пра сьмерць. Людзі тут абмяркоўваюць як асабістыя перажываньні, так і культурныя і філязофскія канцэпцыі, прысьвечаныя тэме сьмерці, паведамляе «Настоящее время».

Арганізатары Death Cafe ў Екацярынбургу — філёзаф Яна Макакенка і псыхоляг Ільля Пятрыкін. Яны кажуць, што зацікавіліся гэтай тэмай ня толькі з прафэсійнай, але і з асабістай цікавасьці.

«Мы ня група бедаваньня. Мы ня клюб самагубцаў», — кажа Яна Макакенка.

«У мяне памёр дзед. У гэты час я знаходзілася ў Варонежы, і я пачала шукаць у інтэрнэце інфармацыю. І першае, што выйшла, — гэта інфармацыя пра Death Cafe ў Варонежы, якое стала першым Death Cafe ў Расеі», — расказвае Яна Макакенка.

«Гэта тэрапія для мяне. Мне становіцца лягчэй жыць. Пасьля першай сустрэчы я адчула нейкую палёгку, зьняла зь сябе вельмі шмат напружаньня», — кажа Тацяна, госьця Death Cafe.

Сярод гасьцей клюбу ёсьць і тыя, хто прыйшоў з прафэсійнай цікавасьці. Студэнт-хімік Яраслаў Лісаўской распрацаваў праект альтэрнатыўных пахаваньняў: цела людзей ён прапануе трансфармаваць ва ўгнаеньні.

«Сюды я ішоў паслухаць думкі людзей пра сьмерць: як яны яе ўспрымаюць, як яны да яе рыхтуюцца. Зразумець, як падаць свой праект. Новае пакаленьне, і яны ўжо думаюць па-цікаваму, на прыкладзе Death Сafe. І яны гатовыя да ўсяго новага», — адзначае Яраслаў Лісаўской.

Максымальная колькасьць удзельнікаў на сустрэчах — 20 чалавек. Асноўныя правілы клюбу: камэрная атмасфэра, канфідэнцыйнасьць і паважлівае стаўленьне адзін да аднаго.

«Death Cafe — гэта прастора свабодных зносінаў. Ключавое слова — свабодных. Мы першапачаткова ў фармаце пазьбягаем рамак — рэлігійных, філязофскіх, псыхалягічных», — кажа Ільля Пятрыкін, адзін з арганізатараў кавярні.

Але дакранацца да пытаньня сьмерці гатовыя далёка ня ўсё ў Екацярынбургу. «Сьмерць чакае ўсіх, так ці інакш. Навошта гэта абмяркоўваць? Ня бачу сэнсу», — лічыць мясцовы жыхар Уладзімір. «Трэба жыць, пакуль жывецца. Я так лічу», — кажа Ганна.

А для ўсіх, хто цікавіцца, стваральнікі Death Cafe ў Екацярынбургу ў кастрычніку правядуць першую ў горадзе нефармальную канфэрэнцыю на тэму фэномэну сьмерці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG