Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастак выставіў на аўкцыён «абраз» якуцкага шамана, які ішоў «выганяць дэмана з Пуціна»


Мастак з Новасыбірска Канстанцін Яроменка выставіў на аўкцыён партрэт якуцкага шамана Аляксандра Габышава, які ішоў у Маскву «выганяць дэмана з Пуціна», але апынуўся пад сьледзтвам.

Партрэт, які ўяўляе сабой своеасаблівы «абраз» шамана, названы «Дайдзі і выгані».

Аўкцыён праводзіцца на спэцыяльнай старонцы ў фэйсбуку і завершыцца вечарам 6 кастрычніка. Частка выручаных сродкаў будзе перададзена шаману, астатнія грошы накіруюць на мультфільм пра ГУЛАГ, які робіць Яроменка, паведамляе сайт Сибирь.Реалии.

Яроменка лічыць, што ў гэтым аўкцыёне важныя ня столькі грошы, колькі магчымасьць яшчэ раз прыцягнуць увагу да сытуацыі з шаманам, супраць якога ўзбуджаная крымінальная справа.

На аўкцыёне была прызначаная мінімальная стаўка 1 рубель, на момант публікацыі максымальная стаўка складае 20,5 тысяч рублёў.

Партрэт Габышава быў задуманы мастаком яшчэ да яго затрыманьня. Першапачатковая назва карціны «Выратуй і выгані». Габышаў атрымаў шырокую вядомасьць у сакавіку 2019 года, калі пачаў пешае падарожжа з Якуціі ў Маскву з мэтай «выгнаць Пуціна» з Крамля. Ён заяўляў, што прэзыдэнт Расеі зьяўляецца «спараджэньнем цёмных сіл», і выгнаць яго пад сілу толькі шаману.

Шаман прайшоў каля 3 тысяч кілямэтраў з 8 тысяч і прыцягнуў мноства пасьлядоўнікаў. Але быў затрыманы ў ноч на 19 верасьня на мяжы Бураціі і Іркуцкай вобласьці.

Супраць шамана распачалі крымінальную справу пра заклікі да экстрэмізму. Зь яго ўзялі падпіску аб нявыезьдзе. Псыхоляга-псыхіятрычная экспэртыза па замове сьледзтва прызнала Габышава неадэкватным.

У праваабарончай арганізацыі Amnesty International якуцкага шамана назвалі вязьнем сумленьня і запатрабавалі яго вызваленьня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG