Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фінансавая інфармацыя 60 мільёнаў кліентаў расейскага «Сбербанку» трапіла на чорны рынак


Ілюстрацыйнае фота

Пэрсанальныя зьвесткі кліентаў «Сбербанка» апынуліся на чорным рынку, паведамляе «Коммерсантъ». Прадаўцы запэўніваюць, што валодаюць інфармацыяй аб 60 млн крэдытных картак, як дзейных, так і закрытых (у банку цяпер каля 18 млн актыўных картак).

Аб’ява аб продажы дадзеных больш як 60 мільёнаў крэдытных картак «Сбербанку» зьявілася на форуме, заблякаваным «Раскамнаглядам». Патэнцыйным пакупнікам прадавец прапаноўваў пробны фрагмэнт базы з 200 радкоў.

Экспэрты выданьня, якія азнаёміліся з дадзенымі, лічаць іх сапраўднымі і называюць уцечку самай буйной у расейскім банкаўскім сэктары. У табліцы былі, у прыватнасьці, дэталёвыя пэрсанальныя зьвесткі ўладальнікаў, падрабязная фінансавая інфармацыя аб крэдытных картках і апэрацыях.

Карэспандэнты «Коммерсанта» змаглі знайсьці ў базе дадзеныя аб сваіх крэдытных картах, у тым ліку па старых месцах працы.

Уцечка магла адбыцца ў канцы жніўня. Крыніца «Коммерсанта», блізкая да Цэнтральнага банку Расеі, выказала упэўненасьць у тым, што вывучаны экспэртамі фрагмэнт — «выгрузка базы» «Сбербанку». Паводле іншых спэцыялістаў у інфармацыйнай бясьпецы буйных банкаў, уцечка зьвестак магла адбыцца з банку.

У «Сбербанку» асноўнай вэрсіяй выцеку зьвестак 200 кліентаў назвалі дзеяньні аднаго з супрацоўнікаў і паведамілі, што кібэратак зафіксавана не было. У банку паабяцалі праверыць сапраўднасць базы, але сьцьвярджаюць, што грашовым сродкам кліентаў нічога не пагражае.

Расейскаму «Сбербанку» належыць 98,43% акцый аднаго з найбуйнейшых беларускіх банкаў «БПС-Сбербанк». Ці ёсьць у выцеку зьвесткі кліентаў беларускай кампаніі, невядома.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG