Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Туркі могуць страціць будоўлю за 25 млн даляраў. Што адбываецца на месцы менскага кінатэатру «Сучасьнік»


На месцы кінатэатру «Сучасьнік» на вуліцы Харкаўскай. Фота: Ксенія Ельяшэвіч, Tut.by
На месцы кінатэатру «Сучасьнік» на вуліцы Харкаўскай. Фота: Ксенія Ельяшэвіч, Tut.by

Кампанія «Менск Прынцэс Гатэль», падкантрольная турэцкаму холдынгу «Ірада», не змагла своечасова дабудаваць забаўляльны абʼект на месцы кінатэатру «Сучасьнік» па вуліцы Харкаўскай. Участак могуць канфіскаваць, піша Tut.by.

Кампанія «Менск Прынцэс Гатэль» занялася рэканструкцыяй і будаўніцтвам на месцы кінатэатру «Сучасьнік» у 2013 годзе.

Тут зьбіраліся пабудаваць культурна-забаўляльны цэнтар да красавіка 2016 году, але ўжо некалькі гадоў будоўля стаіць на месцы. Паведамлялася, што яе закансэрвавалі, але афіцыйна гэта так і не адбылося.

«Будаўніцтва абʼекту прыпынена. Кампанія мае праблемы зь фінансаваньнем, пакуль не праглядаецца нават варыянт продажу гэтага абʼекта. Мы ўключылі яго ў пералік маёмасьці, якая выкарыстоўваецца неэфэктыўна, і ў сьпіс абʼектаў звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва, у адпаведнасьці з гэтым мы прымаем да кампаніі санкцыі», — паведаміў Tut.by намесьнік кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёну Менску Дзяніс Драпей.

Такія пералікі публікуюць на сайце Дзяржаўнага камітэта маёмасьці, абʼекты са сьпісу прызначаныя для продажу (бязвыплатнай перадачы з пэўнымі ўмовамі) патэнцыйным інвэстарам, каб новы гаспадар завяршыў будоўлю і выкарыстоўваў абʼект. Тэрміны вырашэньня пытаньня пакуль невядомыя, разглядаецца пытаньне аб канфіскацыі ўчастка.

Побач з разбураным кінатэатрам знаходзіцца Тучынскі сквэр. Яго «Прынцэс гатэль» павінен быў добраўпарадкаваць у якасьці абцяжараньня, хоць у кампаніі раней сьцьвярджалі, што сквэру няма ў іх на балянсе і работы там так і не пачалі. Увесь гэты час у сквэры прыбіралі камунальнікі.

Паводле Драпея, да канца году павінна вырашыцца пытаньне аб перадачы Тучынскага сквэру на балянс «Зелянбуду» — тады яго будуць разьвіваць, як і ўсе астатнія паркі ў горадзе, а дапамагаць у добраўпарадкаваньні будуць буйныя прадпрыемствы, разьмешчаныя побач. Эскізнае вырашэньне сквэру прапануюць абмеркаваць жыхарам раёну.

«Менск Прынцэс Гатэль» — даччыная структура Princess International Group, заснаваная турэцкім мільянэрам Судзі Азканам. Кампанія кіруе гатэлем Сrowne Plaza на вуліцы Кірава ў Менску. Акрамя таго, туркі валодаюць у Беларусі некалькімі казіно Princess.

Кампанія ацэньвала будаўніцтва забаўляльнага цэнтру на месцы «Сучасьніка» ў 20-25 мільёнаў даляраў.

Месца будоўлі на пляцоўцы зьнесенага кінатэатра «Сучасьнік»
Месца будоўлі на пляцоўцы зьнесенага кінатэатра «Сучасьнік»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG