Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-прэзыдэнтаў Грузіі і Харватыі запрасілі на «Менскі дыялёг»


Экс-прэзыдэнт Грузіі Георгі Маргвелашвілі у перадачы «Буйным плянам»

Былы прэзыдэнт Грузіі Георгі Маргвелашвілі возьме ўдзел у форуме «Менскага дыялёгу» 7-8 кастрычніка, паведаміў праграмны каардынатар рады ў міжнародных дачыненьнях «Менскага дыялёгу» Дзяніс Мельянцоў.

Паводле яго, у форуме будзе ўдзельнічаць яшчэ адзін экс-прэзыдэнт, колішні кіраўнік Харватыі Ст'епан Мэсіч. Таксама прыедуць унукі двух міністраў замежных спраў СССР — Вячаслава Молатава і Андрэя Грамыкі, абодва экспэрты ў міжнароднай палітыцы.

Гэтым разам чакаецца звыш паўтысячы экспэртаў ад 28 партнэраў з розных краін сьвету.

«Наш форум адзіны, дзе суседнічаюць прадстаўнікі расейскага фонду Гарчакова і Эўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі», — падкрэсьліў кіраўнік рады ў міжнародных дачыненьнях Яўген Прэйгерман.

Паводле арганізатараў, у форуме чакаецца ўдзел Аляксандра Лукашэнкі.

Аляксандар Лукашэнка на леташнім "Менскім дыялёгу"
Аляксандар Лукашэнка на леташнім "Менскім дыялёгу"

«Мы ведаем, што такі ўдзел заплянаваны ў рабочым графіку кіраўніка дзяржавы, хоць жыцьцё складанае і магчымае ўсё. Усё ж спадзяёмся, што Аляксандар Лукашэнка зможа далучыцца да нашага мерапрыемства», — адзначыў Дзяніс Мельянцоў.

Карэспандэнт Свабоды пацікавіўся, ці наведае Менск вярхоўная прадстаўніца Эўразьвязу ў пытаньнях вонкавай палітыкі і бясьпекі Фрэдэрыка Магерыні. Паводле Яўгена Прэйгермана, яе працоўны графік складзены так, што непасрэдна ў форуме эўрачыноўніца ўдзельнічаць ня будзе, аднак яна наведае Менск у канцы гэтага тыдня — гэта будзе падзея ў рамках «Усходняга партнэрства».

Такім чынам, у Беларусь зьедуцца міністры замежных спраў шасьці дзяржаў, якія ўваходзяць у праграму «Ўсходняга партнэрства», а таксама кіраўнікі МЗС краін Эўразьвязу, якіх зацікавіць прапанаваная тэматыка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG