Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі папрасіў Зяленскага вярнуць яму ўкраінскае грамадзянства


Міхэіл Саакашвілі
Міхэіл Саакашвілі

Былы прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі папрасіў прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага вярнуць яму ўкраінскае грамадзянства. Пра гэта паведаміў ягоны адвакат, які перадаў ліст Саакашвілі ў адміністрацыю Зяленскага, паведамляе «Інтерфакс-Україна».

У лісьце Саакашвілі падкрэсьлівае, што яго пазбавілі грамадзянства незаконна, парушыўшы Канстытуцыю Ўкраіны і міжнароднае права, згодна зь якім «нельга пакідаць чалавека наогул без грамадзянства».

Пры гэтым Саакашвілі адзначыў, што яму не патрэбны «ніякія пасады і прэфэрэнцыі», і дадаў, што калі ў Зяленскага нават ёсьць нейкія сумневы ў мэтазгоднасьці вяртаньня яму грамадзянства Ўкраіны, прэзыдэнт можа даць распараджэньне старшыні Дзяржаўнай памежнай службы пра тое, што Саакашвілі мае права ўехаць ва Ўкраіну, каб самому абараніць свае правы ў судзе.

У канцы ліпеня 2017 году прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў указ аб спыненьні грамадзянства Ўкраіны Міхэілу Саакашвілі, згодна з паведамленьнямі, празь сьвядомае даваньне лжывых зьвестак пры набыцьці ўкраінскага грамадзянства. Саакашвілі 10 верасьня 2017 трапіў на тэрыторыю Ўкраіны праз польска-ўкраінскую мяжу, не прайшоўшы памежнага кантролю.

12 лютага 2018 Міхэіла Саакашвілі затрымалі ў адным з рэстаранаў у цэнтры Кіева, а потым Дзяржаўная памежная служба і Дзяржаўная міграцыйная служба Ўкраіны заявілі, што паводле працэдуры рэадмісіі яго вярнулі ў Польшчу — краіну, адкуль ён у верасьні 2017 «прыбыў, парушыўшы ўкраінскае заканадаўства». З Польшчы Саакашвілі паехаў у Нідэрлянды.

Саакашвілі, былы прэзыдэнт Грузіі, экс-кіраўнік Адэскай вобласьці раней заяўляў «Настоящему времени», што хоча вярнуцца ва Ўкраіну і падаў хадайніцтва аб зьняцьці зь яго забароны на ўезд ва Ўкраіну.

«Я павінен мець права вярнуцца ў свой дом, у Кіеў. Я абавязкова так і зраблю», — заявіў Саакашвілі. Палітык у 2015 годзе атрымаў украінскае грамадзянства і стаў кіраўніком Адэскай абласной адміністрацыі. Але праз два гады сваім указам прэзыдэнт Парашэнка пазбавіў яго грамадзянства Ўкраіны пасьля адстаўкі, а Саакашвілі забаранілі ўезд на ўкраінскую тэрыторыю да 2021 году.

Ужо пасьля таго, як Зяленскі атрымаў перамогу на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны, Саакашвілі падаў прашэньне аб зьняцьці забароны на ўезд у краіну, але Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны адмовіла яму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG