Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бітва за ўраджай». Тыднёвая падборка з рубрыкі «100 словаў»


Жуль Баст’ен-Лепаж «Кастрычнік» (1878).
Жуль Баст’ен-Лепаж «Кастрычнік» (1878).

Пятро і Ганна

1959-ы… Другі курс гістфаку… Пад халодным дажджом поркаемся ў пошуку падгнілых бульбін у гразкіх барознах. Да хаты, дзе начуем, дабіраемся ледзь жывыя. Гаспадар, Пятро, здаецца, налівае ў жалезную конаўку, адну на трох, пякучай каламутнай вадкасьці, кожнаму па глытку, а Ганна, памятаю дакладна, ладзіць яешню зь мінулагодняй скваркай… Цяпло бяжыць па сасудах і, павячэраўшы, мы адразу валімся на шырокі сяньнік, раскладзены па падлозе. Хата, аб адным пакоі, яшчэ будуецца. Ні ложкаў, ні канапаў — толькі печ ды падлога.

Пятро, Ганна… Гадоў недзе за 70. Але кожную ноч толькі і чуецца зь печы валтузьня і бясконцае: «Ды адчапіся ты… хлопцаў пабудзіш…»

Ага, пабудзіш…

Сяргей Ваганаў

***

Бульба

Сонечныя промні, разьбіваючыся аб расу, што вісіць на павуціньні сярод мокрай травы, якая некалькі дзён таму парудзела ад першых замаразкаў, сьлепяць мне вочы. Я ў старых кірзачах, аблепленых гразёй, іду па сьцяжыне да гасьцінца, што вядзе ў вёску. Мае аднаклясьнікі засталіся на калгасным полі. Нам брыгадзір сказаў: «Можаце тут пячы бульбу і есьці колькі ўлезе, а каб дамоў нічога ня бралі!». Да вёскі яшчэ далёка. Недзе праз паўгадзіны прыйду дадому. А пакуль што ў маіх руках пусты кошык, а ў дзіравай кішэні рудой курткі ляжыць бульбіна. Вялікая, як бомба…

Віктар Шніп

***

Помста ацтэкаў

У Менскім аэрапорце беларускі дзядзька з амэрыканскім пашпартам кажа памежніку пра мэту прыезду: бульбу капаць. Той усьміхаецца і кажа: тады трэба працоўная віза.

Я слухаю і думаю, што ніколі не любіў капаць бульбу. Тупая праца. Цяжка. Нудна. Сьпіна баліць. Пыл, калі сонца. Бруд, калі дождж. А сэнс? Купіць таньней.

І стравы з бульбы, мякка кажучы, ня самыя карысныя. Праўду кажа пра гэты амэрыканскі экспарт у Эўропу беларуская полечка: «З бульбы мука, з бульбы каша, прападзі ты, доля наша».

Дзядзька кажа памежніку: але ж свая! Той ставіць штамп.

Я думаю: гэта помста ацтэкаў і інкаў эўрапейскім калянізатарам. З другога боку, свая…

Аляксандар Лукашук

***

А судзьдзі хто?

Мінулае тысячагодзьдзе. Якраз 1984-ы. Першакурсьнікі юрфаку, «бульба». Апошні вечар у вёсцы. Здаецца, разумныя людзі, але ж выйшлі з клюба ўтраіх. Мясцовыя нас хутка дагналі. Апынуўся паміж плотам і калодзежам, дзе мяне і сталі 3ндзіць. Закрыўся, зваліўся, падняўся. А, гэта ўжо нашы, прыбеглі. Пайшлі шукаць мясцовых, тырыць. Усё. Па хатах. А наша з краю. Ізноў бягуць — ужо абарыгены…

Жыў і біўся тады разам зь сёньняшнімі судзьдзямі і адным з кіраўнікоў юрфаку (ня буду называць пасады). Яны пайшлі далей, а я па вяртаньні зь «бітвы за ўраджай» атрымаў позву ў войска. А то, глядзіш, і сам бы судзіў:)

Андрэй Бастунец

***

Вішня цьвіла апошні год…

Яна стаяла на мяжы двух двароў у Налібаках. Адзін гаспадар чакаў зь яе ўраджаю, а іншы наракаў, што яна засланяе сонца ягонаму гароду. Кожны думаў сваё, пакуль другі ня ўзяў слоік бэнзіну і не падліў вішню. Другі, вярнуўшыся з працы, заплакаў, убачыўшы, які лёс чакае яго дрэва. Ён узяў пусты газавы пісталет і пайшоў да суседа. Той працаваў у гародзе. Слова за слова, і ўзьнялася цяпка з крыкам: — Ідзі вон, бо засяку! — А я цябе застрэлю! — кажа другі сусед, выцягнуўшы пісталет.

За зямлю і ўраджай беларусы гатовыя страляць і секчы адзін аднаго.

Дзьмітры Гурневіч

***

Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org

«100 словаў» — літаратурны праект, у якім удзельнічаюць чытачы сайту Свабоды. Меркаваньні, выказаныя ў гэтай рубрыцы, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG