Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З пакаленьня інтэрнэту». Як дзяўчына дапамагае моладзі стаць адметнай


Маргарыта Скрыпай са сваімі творамі

22-гадовая мастачка з Магілёва Маргарыта Скрыпай вырабляе недарагія сувэніры з дрэва. Ейнымі брошкамі, значкамі, магніцікамі пакупнікі ўпрыгожваюць адзежу, інтэрʼеры дамоў ды кавярняў. Мастачка кажа, што попыт на такую прадукцыю перавышае прапановы ў мясцовых сувэнірных крамах.

Маргарыта дзеліцца са Свабодаю досьведам вырабу беларускіх сувэніраў і сваімі посьпехамі ў бізнэсе.

Сьцісла пра Маргарыту Скрыпай

  • Індывідуальная прадпрымальніца. Мае адукацыю тэхніка-архітэктара. Атрымлівае эканамічную адукацыю.
  • Больш за паўгода робіць сувэніры. З хобі гэты занятак перарастае ў бізнэс.
  • Любіць жывёлаў, маляваць. Улюблёныя краявіды — горы і мора. Марыць пабываць у Ірляндыі ці Шатляндыі.
За працаю над «беларускім катом сямейнага шчасьця»
За працаю над «беларускім катом сямейнага шчасьця»

Беларускі значок — гэта стылёва

Маргарыта называе сябе прадстаўніцай пакаленьня інтэрнэту і гаджэтаў. Багата часу, як і яе аднагодкі, праводзіць у сацыяльных сетках. Там убачыла, што ў моладзі папулярная нацыянальная сымболіка. Пра гэтую тэндэнцыю ёй расказвала і сяброўка, якая жыве ў Менску. Часьцяком бачыць Маргарыта і магілёўцаў у майках з арнамэнтам.

Таму менавіта беларускую тэматыку яна зрабіла прыярытэтнай.

«Значок у белых і чырвоных колерах стылёва глядзіцца на адзежы ці заплечніку, — кажа суразмоўца. — Маладыя людзі набываюць іх, каб стаць адметнымі».

Маргарыта прызнаецца, што ведаў пра нацыянальную сымболіку ёй бракуе, таму разам з распрацоўкай новых беларускіх значкоў шукае больш зьвестак, «каб не рабіць абы-чаго і не выдаваць гэта за беларускае». Гаворачы з журналістамі, яна за 40 хвілінаў намалявала бел-чырвона-белага «ката сямейнага шчасьця».

«Вучуся майстэрству ў адмыслоўцаў зь Менску»

Жыве Маргарыта ў адным з аддаленых спальных раёнаў Магілёва. Пад майстэрню прыстасавала невялікі пакой, які дзеліць з малодшай сястрой. На стале ў плястмасавых кантэйнэрах — значкі, брошкі, магніцікі з вобразамі пэрсанажаў вядомых мультфільмаў, а таксама жывёлаў ды фантастычных істот. Большасьць ь іх, як і вырабы беларускай тэматыкі, размаляваныя ўручную. Аснова іх драўляная.

Беларускі кот сямейнага шчасьця
Беларускі кот сямейнага шчасьця

Маргарыта называе дрэва «матэрыялам, блізкім ёй па душы» і «ўнівэрсальным для творчасьці». Раней яна саматужна лобзікам выпільвала формы для сваіх сувэніраў, але працэс быў марудным і вырабы выходзілі няякаснымі. Цяпер майстрыха зьвяртаецца да тых, хто мае спэцыяльнае абсталяваньне.

Майстэрству рабіць сувэніры Маргарыта вучыцца ў калег, якія займаюцца падобнай дзейнасьцю даўно. Кажа, што такіх адмыслоўцаў шмат у сталіцы. У Магілёве ж адшукаць калег ёй не ўдаецца.

«Мае вырабы пакуль не прэтэндуюць на найвышэйшы ўзровень, — прызнаецца яна. — У Менску ёсьць майстры, якія вырабляюць сувэніры „на дзясятку“. У мяне ж пакуль выходзяць „на сямёрку“, але і я дацягнуся да „10“. Галоўнае — вызначыць мэту».

«Прыбытак ёсьць, але нестабільны»

Вырабляць сувэніры Маргарыта ўзялася пасьля экскурсіі ў расейскі Санкт-Пецярбург. Там такой прадукцыі шмат, але яна задарагая. Вярнуўшыся на радзіму, яна паспрабавала скалькаваць убачанае. Спачатку такі занятак успрымала як хобі, але з часам ён перарос у справу, зь якой цяпер стараецца займець даход.

«Невялікі прыбытак ёсьць, але ён не стабільны, — прызнаецца Маргарыта. — Пакуль у мяне невялікае пакупніцкае асяродзьдзе, яно толькі фармуецца. Бальшыня вырабаў разыходзіцца сярод знаёмых. Даводзіцца прыкладаць высілкі, каб раскруціць імя».

Пад моладзь дапасоўвае цану сувэніра

Маргарыта кажа, што за паўгода зрабіла звыш 300 сувэніраў. Сваю прадукцыю і брэнд яна рэклямуе ў сацыяльных сетках. Яе асноўныя пакупнікі — моладзь ды маладыя бацькі, якія хочуць яе сувэнірамі парадаваць сваіх дзяцей. Пад гэтую спажывецкую катэгорыю яна дапасоўвае і кошт. Сярэдняя цана аднаго значка — тры рублі.

Сярод пакупнікоў былі аматары эксклюзіўных сувэніраў. Яна адзначае, што ім вырабы абыходзяцца даражэй, бо даводзіцца даўжэй карпець над эскізамі і размалёўкай. Некалькі разоў ёй даводзілася рабіць партыі магніцікаў ды значкоў для кавярняў.

«Вядома ж, хочацца большага прыбытку, — падсумоўвае гутарку Маргарыта, — але абʼёмы замоваў і продажу пакуль гэтага не дазваляюць...»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG