Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладафронтаўца аштрафавалі на 510 рублёў за дзьве кветкі да помніка Янку Купалу


Максім Урбановіч, архіўнае фота

Судзьдзя Іван Касьцян з Цэнтральнага раённага суду Менска аштрафаваў на 20 базавых велічыняў (510 рублёў) сябра «Маладога фронту» Максіма Ўрбановіча. Паводле пастановы суду — за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі ў парку Янку Купалы 25 жніўня.

Актывіст зьбіраецца абскарджваць пастанову судзьдзі, бо лічыць пакараньне незаконным, а міліцэйскі пратакол сфальшаваным. Максім Урбановіч кажа, што ні пікетаваньня, ні іншай масавай акцыі 25 жніўня ў парку Янкі Купалы маладафронтаўцы не праводзілі.

«У той дзень мы арганізавалі роварны прабег празь Менск ў Курапаты, нас было чацьвёра, — расказаў Максім Урбановіч. — Спачатку наведалі Чырвоны касьцёл і там правялі малітву за Беларусь, а адтуль даехалі на роварах да парку Янкі Купалы.

Там усклалі кветкі і зьнічкі да помніка, сфатаграфавалаіся зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і паехалі далей праз горад. Ехалі са сьцягамі, нас ніхто не спыняў. І ў парку ў нас плякатаў не было, лёзунгаў не выкрыкавалі».

Роварны прабег Максіма Ўрбановіча і сяброў
Роварны прабег Максіма Ўрбановіча і сяброў

На працэсе сьведка, супрацоўнік менскай міліцыі Сяргей Астаф’еў, у сваіх паказаньнях фактычна пацьвердзіў, што пікету ці масавай вулічнай акцыі ў той дзень ў парку Янкі Купалы маладафронтаўцы не праводзілі.

Паводле паказаньняў міліцыянта, падзеі, у якіх браў удзел Максім Урбановіч, доўжыліся ня болей за 3-4 хвіліны і складаліся ўсяго з трох дзеяньяў:

«Паклалі сьвечкі, дасталі сьцягі і сфатаграфаваліся. Але дазволу на акцыю ад Менгарвыканкаму не было», — паведаміў суду міліцыянт.

Адным са сьведак на працэсе быў брат Максіма Ўрбановіча, старшыня «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч. Актывіст паведаміў, што яны сфатаграфаваліся пад гістарычным бел-чырвона-белым сьцягам ды кветкамі і зьнічкамі, «ушанавалі памяць народнага паэта Янкі Купалы». Паводле Ўрбановіча, гэта заняло ня больш за паўтары хвіліны.

«Хіба на тое, каб сфатаграфавацца ля помніка, патрэбен дазвол Менгарвыканкаму? Калі так, дык пакажыце мне такі закон», — зьвярнуўся актывіст да суду. Адказу не было.

Паводле Дзяніса Ўрбановіча, роварны прабег 25 жніўня маладафронтаўцы прысьвяцілі абвяшчэньню незалежнасьці Беларусі, якое адбылося 29 жніўня 1991 году. Папярэдне яны зьмясьцілі інфармацыю аб прабегу ў інтэрнэце.

4 верасьня за ўскладаньне кветак да помніку Янку Купалу ў тым жа Цэнтральным раённым судзе будуць судзіць ужо Дзяніса Ўрбановіча, а таксама актывіста «Маладога фронту» Віталя Трыгубава. Чацьвёрты ўдзельнік роварнага прабегу, школьнік Іларыён Трусаў, да суду не прыцягваўся з прычыны таго, што ён непаўналетні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG