Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве назвалі явачныя адрасы расейскіх выведнікаў у Беларусі


Завэрбаваны ўкраінец працаваў на «Укроборонпроме»
Завэрбаваны ўкраінец працаваў на «Укроборонпроме»

Грамадзянін Украіны, асуджаны днямі ў Кіеве на 9 гадоў пазбаўленьня волі за перадачу Расеі сакрэтнай інфармацыі, назваў адрасы ў Беларусі, дзе ён сустракаўся са сваім расейскім куратарам для перадачы зьвестак пра мадэрнізацыю і рамонт штурмавой авіяцыі Ўзброеных сілаў Украіны.

Паводле выраку, грамадзянін Украіны, які працаваў сьлесарам на Запароскім дзяржаўным авіярамонтным заводзе «Мігремонт» і быў затрыманы сёлета ў ліпені падчас спробы перадаць чарговыя сакрэтныя дакумэнты, тройчы сустракаўся з прадстаўнікамі расейскай выведкі на тэрыторыі Беларусі.

У прыватнасьці, 17 студзеня 2017 году перадача сакрэтнай інфармацыі адбылася ў Гомлі (на вуліцы Савецкай, 27) і двойчы ў Менску (на вуліцы Берута, 3) — 5 сьнежня 2017-га і 5 сьнежня 2018-га.

Згодна з інфармацыяй Google Map, у Гомлі па гэтым адрасе знаходзяцца цырк, крамы, кавярня і банк. На вуліцы Берута, 3 у Менску — некалькі арганізацый: аўтастаянка, адвакацкае бюро, аўтамыйня, турыстычнае бюро і кампанія, якая займаецца праграмным забесьпячэньнем для аўтаматызацыі бізнэсу ў сфэры грамадзкага харчаваньня.

Паводле сьледзтва, кожны раз пасьля перадачы інфармацыі ўкраінец атрымліваў грашовыя ўзнагароды ў памеры ад 400 до 2 тысяч даляраў на агульную суму каля 10 тысяч даляраў. Усе сустрэчы з завэрбаваным украінцам праводзіў супрацоўнік 316-га выведнага цэнтру Галоўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Расеі (дысьлякуецца ў Новарасійску Краснадарскага краю).

За ўвесь час супрацы з расейскаю выведкаю (з чэрвеня 2015-га да 3 ліпеня 2019-га) грамадзянін Украіны перадаў Расеі 400 тэкставых, графічных і аўдыёфайлаў з інфармацыяй аб рамонце і мадэрнізацыі штурмавых самалётаў Узброеных сілаў Украіны, аб тэрмінах завяршэньня работ, апазнавальных знаках авіяцыі і выведніцкай тэхніцы, якой аснашчаліся самалёты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG