Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей сустрэўся са спэцпрадстаўніком Эўразьвязу ў правах чалавека


Спэцыяльны прадстаўнік Эўразьвязу ў пытаньнях правоў чалавека Эйман Гілмар і міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей на 74-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН

Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей узначальвае беларускую дэлегацыю на 74-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН. Пасьля адкрыцьця сэсіі, піша МЗС, ён сустрэўся са спэцыяльным прадстаўніком Эўразьвязу ў пытаньнях правоў чалавека Эйманам Гілмарам.

Падрабязнасьцяў пра іхную размову МЗС не прыводзіць. Паведамляецца толькі, што сустрэча прайшла 24 верасьня «на палях агульнай дыскусіі», а суразмоўцы «дамовіліся аб працягу кантактаў па лініі Беларусь — Эўразьвяз, у тым ліку для абмеркаваньня ўсіх вострых пытаньняў на агульным парадку дня».​

Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей і міністар замежных справаў Польшчы Яцэк Чапутовіч
Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей і міністар замежных справаў Польшчы Яцэк Чапутовіч

Уладзімер Макей таксама сустрэўся з калегамі з:

  • Польшчы (яму Макей расказаў пра гатоўнасьць падпісаць пагадненьні з Эўразьвязам пра візавы рэжым і рэадмісію, польскі міністар «пазытыўна ўспрыняў» гэта, міністры таксама абмеркавалі пляны ЗША разьмясьціць у Польшчы больш вайскоўцаў);
  • Саудаўскай Арабіі (абмеркавалі пашырэньне супрацы ў сельскай гаспадарцы, прамысловасьці і IT, згадалі пра камітэт супрацы, які апошні раз зьбіраўся ў 2016 годзе);
  • Судану (суданскі міністар падзякаваў за падтрымку ў пабудове мірнай і стабільнай краіны, бакі абмеркавалі супольныя праекты мяса-малочных заводаў, зборкі беларускай тэхнікі і здабычу карысных выкапняў у Судане);
  • Кіпру (падпісалі мэмарандум аб паразуменьні і супрацы, абмеркавалі супрацу Беларусі з Эўразьвязам і Кіпрам);
  • Альжыру, Грузіі і Ярданіі (ці абмяркоўвалі яны нешта, не ўдакладняецца — публікуюць толькі фота пацісканьня рук).

Сам Макей мае выступіць у ААН 26 верасьня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG