Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не хачу рызыкаваць дэпартацыяй», — спэцдакладчык ААН пра візыт у Менск


Анаіс Марэн

Спэцыяльны дакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі францужанка Анаіс Марэн, якая 31 лістапада брала ўдзел у пасяджэньні Асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы, зьехала зь Менску да завяршэньня сустрэчы.

Яна распавяла карэспандэнту Свабоды пра свой візыт у Менск.

«Я брала ўдзел у канфэрэнцыі як дасьледчык»

— Чаму ў афіцыйнай праграме канфэрэнцыі, падрыхтаванай беларускім МЗС вы былі прадстаўлены як прафэсар Collegium Civitas з Варшавы?

— Я брала ўдзел у канфэрэнцыі як дасьледчык, як экспэрт у пытаньнях, якія былі ў парадку дня Асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы.

— То бок вы не маглі ўдзельнічаць у канфэрэнцыі як спэцдакладчык ААН па правах чалавека?

— Пра гэта не ішла гаворка. Арганізатар канфэрэнцыі амбасадар Вольфганг Ішынгер яшчэ месяц таму прапанаваў мне прыехаць. Тады я ведала, што 1 лістапада ў мяне заплянавана паездка ў Францыю, дзе я цяпер і знаходжуся зь сям’ёй. Я сказала, што не магу адмовіцца, бо гэта цікавая сустрэча з удзелам людзей высокага рангу, але магу прыехаць толькі на суткі з 30 па 31 лістапада. Таму ўвечары 31 кастрычніка я паляцела зь Менску дахаты.

Я пакідала тэрыторыю Беларусі перад пачаткам уступленьня ў сілу афіцыйнага мандата. Каб не было ніякай правакацыі з майго боку

Відавочна, што яны ўзгаднялі сьпіс удзельнікаў з МЗС Беларусі яшчэ да гэтага. І не было ніякіх праблем на мяжы і так далей. Відавочна і таму, што я пакідала тэрыторыю Беларусі перад пачаткам уступленьня ў сілу афіцыйнага мандата. Каб не было ніякага непаразуменьня, ніякай правакацыі з майго боку.

А пытаньне ці будуць мяне пускаць у Беларусь у якасьці спэцдакладчыка будзе ставіцца перад афіцыйнымі каналамі з Жэнэвы і будзем глядзець.

Але паколькі ўрад Беларусі месяц таму пацьвердзіў, што не прызнае мандат, то я ня думаю, што мяне будуць пускаць. Гэта відавочна.

Але гаворка ідзе ня толькі пра мяне. Ёсьць яшчэ некалькі спэцдакладчыкаў па тэматычных пытаньнях, якія таксама хацелі б прыехаць з афіцыйным візытам. І калі яны пускаюць аднаго, то павінны пускаць з афіцыйным візытам і ўсіх астатніх. Таго ж спэцдакладчыка ААН па пытаньнях свабоды слова. Таму, відаць, іх ранейшая пазыцыя застанецца ў сіле.

«Думаю, былі б праблемы, калі б я зьбіралася застацца на ўсю канфэрэнцыю»

— То бок беларускі бок не выстаўляў ніякіх умоваў, што вы павінны зьехаць да пачатку мандата?

— Не. Да мяне нармальна ставіліся на мяжы, быў арганізаваны віп-сэрвіс арганізатарамі канфэрэнцыі. Але зноў жа я думаю, што былі б праблемы, калі б я зьбіралася застацца на ўсю канфэрэнцыю. Але я не магла, у тым ліку і па прыватных прычынах.

— Вы ўпершыню ўжывую паслухалі Аляксандра Лукашэнку?

— Не, я не паехала ў Палац незалежнасьці, бо ў мяне быў білет на самалёт і я вымушана была накіравацца ў аэрапорт.

Кіраўнік Беларусі казаў, што на Захадзе «у захапленьні ад пазыцыі Менска па Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, па Крыме і Данбасе». Аднак яму нагадваюць пра праблемы з правамі чалавека. Ён казаў, маўляў, трэба быць больш цярплівымі...

— Я не хачу гэта камэнтаваць.

«Я ўсё роўна буду ажыцьцяўляць сваю місію»

— У сувязі з пачаткам вашага мандату спэцдакладчыка, калі вы мяркуеце ўсё ж прыехаць у Менск?

— Па апісаньні мандату ўсіх спэцдакладчыкаў, яны імкнуцца супрацоўнічаць з усімі зацікаўленымі бакамі. Гэта ахвяры, праваабаронцы, улады, дыпляматычная супольнасьць, прадстаўнікі міжнародных арганізацый і грамадзянскай супольнасьці. І калі будзе магчымасьць прыехаць у Беларусь, каб абмеркаваць усе пытаньні з гэтымі людзьмі, было б цудоўна. Але гэта не ад мяне залежыць. Ва ўрада Беларусі ёсьць свая пазыцыя. Калі не пускаюць, то не пускаюць.

Ва ўрада Беларусі ёсьць свая пазыцыя. Калі не пускаюць, то не пускаюць

Але я ўсё роўна буду ажыцьцяўляць сваю місію, будуць іншыя магчымасьці сустрэцца з праваабаронцамі за мяжой. Я ўжо зь імі сустрэлася тыдзень таму ў Вільні. Я на сувязі зь імі і з арганізацыямі праз інтэрнэт і па тэлефоне. Таксама з дыпляматамі. Таму я магу атрымаць інфармацыю з розных крыніцаў. І гэта залежыць ад уладаў Беларусі, калі яны хочуць падзяліцца са мной інфармацыяй. І калі яны ня хочуць супрацоўнічаць са мной, то я буду працаваць бяз гэтага.

Але ёсьць магчымасьць, паглядзім, што будзе далей, пакуль працую першыя дні. Паглядзім, як будзе разьвівацца сытуацыя ў бліжэйшыя тыдні і месяцы.

Зусім магчыма, што я магу паехаць у Беларусь зноў жа ў якасьці экспэрта, прафэсара ўнівэрсытэта і нават выступаць на канфэрэнцыі. І тады будзе ставіцца пытаньне, што я магу рабіць, з кім размаўляць і што я магу камэнтаваць падчас знаходжаньня ў Беларусі. Бо не хачу рызыкаваць дэпартацыяй, нікому не патрэбны такі скандал. То бок прыйдзе час, калі можна будзе абмеркаваць якім чынам я магу прыехаць.

Пыйдзе час, калі можна будзе абмеркаваць якім чынам я магу прыехаць

Але гэта не самае галоўнае. Самае галоўнае працаваць з усімі, хто можа зрабіць уклад у ажыцьцяўленьне майго мандату: прад’явіць аргумэнты, факты. Мая праца аналізаваць, весьці манторынг. Я чакаю супрацоўніцтва з праваабаронцамі і дыпляматамі, якія штодзённа сочаць за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, каб зрабіць аб’ектыўныя высновы. Спачатку трэба вывучаць сытуацыю, а высновы будуць у дакладзе, які публікуецца ў чэрвені. Так што час яшчэ ёсьць.

— Пакуль беларускія ўлады не прызнаюць ваш мандат...

— Яны гэта паўтаралі шмат разоў. Калі не прызнаюць мандат, то і мяне ня будуць афіцыйна прызнаваць. Гэта сувэрэннае права дзяржавы. Але паглядзім, яшчэ ўсё наперадзе.

Пра асноўную мэту спэцдакладчыка

— Вы ўжо знаёмыя з сытуацыяй у Беларусі, на што вы зьбіраецеся зьвярнуць увагу?

— Ёсьць многа праблем. Патрэбны сыстэмы падыход, трэба глядзець на ўсе аспэкты — і я гэта зьбіраюся рабіць. У бліжэйшыя месяцы буду вывучаць усе праблемы: са свабодай сумленьня, свабодай слова, незалежнасьцю судоў, сьмяротным пакараньнем, прававой дзяржавай, якой, відаць, няма ў Беларусі.

Я апошнім часам ня бачыла прагрэсу, але зь іншага боку магло быць горш. Потым ёсьць геапалітычная і ўнутрыпалітычная сытуацыя ў Беларусі, тое, што Лукашэнка зьвязвае гэтыя два пытаньні. Калі ўлады гатовыя рабіць намаганьні, каб размаўляць на лепшай, больш канструктыўнай аснове з Захадам, дэмакратычнымі краінамі, тады чакаецца, каб улады таксама рабілі крокі дзеля паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG