Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мандат спэцдакладчыка ААН па Беларусі працягнуты на год. МЗС назваў гэта абсурдам


Спэцдакладчык ААН у пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Міклаш Харасьці

Мандат спэцдакладчыка ААН у пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі працягнуты яшчэ на адзін год. Адпаведная рэзалюцыя прынятая 6 ліпеня на 38-й сэсіі Рады ААН па правах чалавека ў Жэнэве, паведамляе БелаПАН.

За прыняцьце рэзалюцыі прагаласавалі 19 краін, супраць — 6 (Бурундзі, Вэнэсуэла, Эгіпет, Кітай, Куба, ААЭ), устрымалася 21 краіна.

Спэцдакладчык па Беларусі Міклаш Харасьці застанецца на гэтай пасадзе і павінен падрыхтаваць даклад аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі і прадставіць яго на 41-й сэсіі Рады (чэрвень 2019 году) і 74-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН (кастрычнік 2019 году).

«Рада настойліва заклікае ўрад Беларусі ў поўнай меры супрацоўнічаць са спэцдакладчыкам, у тым ліку шляхам даваньня яму доступу для наведваньня краіны ў яго афіцыйнай якасьці, з тым каб дапамагчы ўраду ў выкананьні ягоных міжнародных абавязаньняў у галіне правоў чалавека, і для разгляду пытаньня аб выкананьні яго рэкамэндацый», — гаворыцца ў рэзалюцыі.

У дакумэнце выказваецца «нязьменная занепакоенасьць» становішчам у галіне правоў чалавека і асноўных свабодаў у Беларусі. Сярод іх названыя:

  • неабгрунтаваныя абмежаваньні свабоды мірных сходаў, асацыяцыі і выказваньня думак,
  • выпадкі катаваньняў і бесчалавечнага або зьневажальнага абыходжаньня з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў і пэнітэнцыярных установаў, якія не былі належным чынам расьсьледаваныя ўладамі,
  • працяг уціску праваабаронцаў, прафсаюзаў і арганізацый грамадзянскай супольнасьці, многія зь якіх пазбаўленыя рэгістрацыі або падпадаюць пад рэйды з боку ўладаў,
  • арышты журналістаў і накладаньне на іх штрафаў за ажыцьцяўленьне прафэсійнай дзейнасьці.

Сярод пазытыўных крокаў афіцыйнага Менску ў рэзалюцыі адзначаныя:

  • прыняцьце ўрадам Беларусі міжведамаснага пляну ў галіне правоў чалавека (але Рада рэкамэндуе перагледзець яго і ўнесьці зьмены згодна з рэкамэндацыямі праваабарончых мэханізмаў і прапановамі грамадзкіх арганізацый),
  • дазвол уладаў адсьвяткаваць 100-годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 2018 году,
  • рэгістрацыя руху «Гавары праўду» і праекту MAKEOUT,
  • пяты даклад беларускага ўраду аб ажыцьцяўленьні Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах,
  • правядзеньне мерапрыемстваў па публічным абмеркаваньні праблемы сьмяротнага пакараньня.

У рэзалюцыі Рада заклікае ўлады Беларусі:

  • у поўнай меры выконваць права на свабоду выказваньня меркаваньняў, мірных сходаў і асацыяцыі,
  • забясьпечыць поўную незалежнасьць і бесстароннасьць судовых органаў, гарантаваць права на справядлівы судовы разбор і свабодны выбар адваката,
  • правесьці рэформу выбарчага заканадаўства, каб ліквідаваць даўнія сыстэмныя недахопы, якія адносяцца да практыкі правядзеньня выбараў.

МЗС Беларусі: Падаўжэньне мандату спэцдакладчыка ААН па Беларусі зьяўляецца абсурдам

Беларусь не прызнае рашэньня аб працягу мандату спэцыяльнага дакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі яшчэ на адзін год і лічыць яго абсурдным, заявіў БелаПАН прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз, камэнтуючы прыняцьце адпаведнай рэзалюцыі.

«Рэзалюцыя зьяўляецца абсурдам паводле задумы і паводле сутнасьці. Мы не прымаем гэты дакумэнт, які палітызаваны і скажае рэальны стан рэчаў у нашай краіне», — адзначыў Глаз.

Паводле яго, вельмі паказальны той факт, што ў падтрымку рэзалюцыі выступіла меншасьць сябраў Рады па правах чалавека.

«Больш за тое (і гэта выглядае камічна), рэзалюцыя прынятая на фоне сур’ёзных праблемаў з правамі і свабодамі чалавека ў дзяржавах, якія яе ўнесьлі і галасавалі ў падтрымку», — дадаў прэс-сакратар МЗС.

Паводле Анатоля Глаза, «і рэзалюцыя, і так званы спэцдакладчык — гэта зацяганыя мэханізмы, якія цалкам дыскрэдытавалі сябе ў працы зь Беларусьсю» і «больш бескарысны інструмэнт па дадзенай тэме складана прыдумаць».

25 чэрвеня на сэсіі Рады ААН па правах чалавека ў Жэнэве спэцыяльны дакладчык Міклаш Харасьці агучыў свой апошні даклад аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі. Паводле яго, сытуацыя з правамі чалавека не зьмянілася ў лепшы бок.

Спэцыяльны дакладчык ААН: Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не зьмянілася. Патрэбны мой наступнік

Міклаш Харасьці стаў спэцыяльным дакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі ў 2012 годзе. Ягоны мандат, які скончыцца 31 кастрычніка 2018, Рада ААН па правах чалавека працягвала пяць разоў. Афіцыйны Менск адмовіўся супрацоўнічаць са спадаром Харасьці і ні разу не ўпусьціў яго ў Беларусь у якасьці спэцдакладчыка ААН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG