Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Борыса Джонсана заклікаюць падаць у адстаўку з пасады прэм’ера Вялікабрытаніі


Борыс Джонсан.

Апазыцыйныя партыі заклікалі прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Борыса Джонсана сысьці ў адстаўку пасьля таго, як Вярхоўны суд краіны прызнаў незаконным рашэньне ўраду прыпыніць працу парлямэнту.

Вярхоўны суд палічыў спыненьне працы дэпутатаў на пяць тыдняў спробай заглушыць голас парлямэнту напярэдадні заплянаванага на 31 кастрычніка Брэксыту.

  • Лідэр лейбарыстаў Джэрэмі Корбін прапанаваў Джонсану «разгледзець пытаньне аб займанай пасадзе і стаць самым недаўгавечным прэм’ер-міністрам у гісторыі».
  • Лібэральныя дэмакраты заявілі, што Джонсан не прыдатны быць прэм’ерам.
  • З заклікамі да Джонсана сысьці ў адстаўку выступілі партыі шатляндзкіх і валійскіх нацыяналістаў.

Урад пакуль не пракамэнтавала рашэньне суду.

Джонсан знаходзіцца ў Нью-Ёрку на Генэральнай асамблеі ААН. На шляху туды прэм’ер заявіў, што не падасьць у адстаўку, нават калі рашэньне будзе не на карысьць ўраду.

Сярод радыкальных прыхільнікаў Брэксыту рашэньне Вярхоўнага суду выклікала гнеў і заклікі абіраць судзьдзяў. У твіце Leave. EU, кампаніі за выхад Брытаніі з ЭЗ, судзьдзі названыя «ворагамі народу». Таксама ў твіце сьцьвярджаецца:

«Група непадкантрольных законьнікаў цалкам перавярнула канстытуцыйны парадак у адчайнай атацы на дэмакратычную волю 17.4 мільёна брытанскіх выбаршчыкаў».

Вярхоўны суд вынес рашэньне аднагалосна. За прагаласавалі ўсе 11 судзьдзяў.

У пастанове гаворыцца, што рашэньне Джонсана, фармальна ухваленае каралевай, ня мае ніякай юрыдычнай сілы і парлямэнт можа сабрацца ў любы момант. Рашэньне пра гэта павінны прыняць сьпікеры абедзьвюх палат.

Спікер парлямэнта Джон Бэркоу заявіў, што парлямэнт павінен вярнуцца да працы неадкладна. Мяркуецца, што гэта можа адбыцца ў найбліжэйшыя дні.

  • Праца Палаты абшчын была прыпыненая на пяць тыдняў 16 верасьня паводле рашэньня ўраду Барыса Джонсана. Апазыцыя заявіла, што Джонсан спрабуе пазбавіць парлямэнт голасу напярэдадні Брэксыту, прызначанага на 31 кастрычніка. Урад адмаўляла гэта.
  • Перад сыходам на вымушаныя вакацыі дэпутаты прынялі закон, які абавязвае прэм’ер-міністра прасіць Эўразьвяз аб адтэрміноўцы Брэксыту ў выпадку, калі Лёндану ня ўдасца дамовіцца аб умовах пагадненьня аб выхадзе з ЭЗ. У паведамленьні канцылярыі прэм’ер-міністра 16 верасьня было сказана, што ён не зьбіраецца прасіць аб адтэрміноўцы.
  • Вялікабрытанія павінна была выйсьці з Эўразьвязу, паводле вынікаў рэфэрэндуму 2016 году, яшчэ 29 сакавіка. Парлямэнт тройчы адкідаў прапанаваныя для галасаваньня праекты пагадненьняў з ЭЗ, дасягнутыя папярэднікам Джонсана на пасадзе прэм’ера Тэрэзай Мэй. Тры праваленымі галасаваньні прывялі да адстаўкі Мэй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG