Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Высьвятляць прычыны кожнага злачынства». Чыноўнікі абвясьцілі вайну наркотыкам у жыцьці падлеткаў


Суд Савецкага раёну Гомеля разглядае крымінальную справу за распаўсюджваньне псыхатропных рэчываў. Абвінавачаныя Кацярына і Станіслаў у судзе.

25 верасьня суд Савецкага раёну Гомля мае вынесьці прысуд школьніцы і яе прыяцелям, якія ўдзельнічалі ў наркатычным бізнэсе. Ім пагражае па 11 гадоў пазбаўленьня волі.

На судзе школьніца наракала на няведаньне адказнасьці за распаўсюджваньне псыхатропных рэчываў і адсутнасьць прафіляктычнай працы ў школе.

Камісія ў справах непаўналетніх Гомельскага аблвыканкаму правяла нараду аб прафіляктыцы наркотыкаў сярод моладзі. Па выніках быў складзены дакумэнт, дзе прапісалі мэтады барацьбы з наркаманіяй. Пратакол паседжаньня накіраваны для выкананьня ва ўсе райвыканкамы.

Копію «Пратаколу паседжаньня» Свабодзе перадалі чытачы.

Як чыноўнікі будуць супрацьстаяць наркотыкам у падлеткавым асяродзьдзі?

Камісія ў справах непаўналетніх раздала шэраг даручэньняў.

  • Адукацыі, мэдыцыне і міліцыі да 1 лістапада «забясьпечыць правядзеньне прафіляктычных мерапрыемстваў з навучэнцамі (выступы, лекцыі, гутаркі, дэманстрацыя відэаматэрыялаў) для прапаганды здаровага ладу жыцьця.
  • Да 1 кастрычніка правесьці працу з бацькамі, дзе патлумачыць ім адказнасьць непаўналетніх за злачынствы з наркотыкамі, неабходнасьць кантролю дзяцей у вольны ад вучобы час.

Выканкамам камісія даручыла

  • Забясьпечыць максымальную занятасьць і арганізацыю адпачынку непаўналетніх у час вакацый і па-за вучобай.
  • Для кожнага злачынства непаўналетняга «высьвятляць прычыны і ўмовы, якія яму спрыялі».
  • Забясьпечыць тэрміновае інфармаваньне міліцыяй і мэдыцынай аб фактах ужываньня бацькамі псыхатропных ці наркатычных рэчываў.
  • Правесьці шырокамаштабную кампанію з прыцягненьнем увагі СМІ да парталу Pomogut.by.
  • Арганізаваць шырокае абмеркаваньне ў сацыяльных сетках пытаньняў, якія тычацца прафіляктыкі наркаманіі сярод падлеткаў.

Міліцыі даручана

  • Праводзіць апэратыўна-пошукавыя і прафіляктычныя мерапрыемствы ва ўстановах адукацыі і інтэрнатах з мэтай папярэджаньня і выяўленьня «наркатычных» злачынстваў сярод падлеткаў.
  • Сумесна з адукацыяй «працягнуць вывучэньне груп падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў нарколяга».
  • Праводзіць сустрэчы з працоўнымі калектывамі і бацькоўскай супольнасьцю ў пытаньнях прафіляктыкі «наркатычных» злачынстваў сярод падлеткаў.

Упраўленьню адукацыі даручана

  • Правесьці абласны зьлёт валянтэрскіх і «антынаркатычных» атрадаў з мэтай абмену досьведам у прафіляктыцы наркаманіі сярод падлеткаў.
  • Сумесна з мэдыкамі, міліцыяй, ВНУ дасьледаваць эфэктыўнасьць прафіляктычных захадаў.
  • Арганізаваць прафіляктычны маратон.
  • Сумесна з выканкамамі сфарміраваць банк зьвестак непаўналетніх, якія нідзе не працуюць і не вучацца, замацаваць за імі спэцыялістаў дзяржаўных органаў, садзейнічаць у іхным працаўладкаваньні, атрыманьні прафэсіі.
  • Выпрацаваць сыстэму атрыманьня інфармацыі з устаноў адукацыі аб праведзеных прафіляктычных мерапрыемствах (колькасьць удзельнікаў, што зроблена, эфэктыўнасьць).

Ідэалёгіі даручана

  • Правесьці ў СМІ антынаркатычную акцыю, накіраваную на фарміраваньне ў насельніцтва нэгатыўнага стаўленьня да наркотыкаў, павышэньню даверу насельніцтва да работы ў гэтай сфэры міліцыі.
  • Рэдакцыям дзяржаўных выданьняў арганізаваць апытаньне насельніцтва на гэтую тэму, стварыць тэматычныя ролікі, распаўсюдзіць іх праз інтэрнэт.
  • Падрыхтаваць інфармацыйныя матэрыялы на гэтую тэму для сустрэч у працоўных калектывах.

Чыноўнікі мусяць выканаць даручэньні і даць справаздачу ў камісію ў справах непаўналетніх да 1 сьнежня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG