Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэсмэн Адам Шыф: размова Трампа зь Зяленскім можа стаць падставай для імпічмэнту


Адам Шыф
Адам Шыф

Пра гэта, як паведамляе Голас Амэрыкі, кіраўнік Камітэту выведкі Палаты прадстаўнікоў заявіў, выступаючы па тэлебачаньні ў нядзелю, 22 верасьня.

Калі расьсьледаваньне пакажа, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп аказваў ціск на прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, з тым каб той расьсьледаваў дзейнасьць былога віцэ-прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна, то імпічмэнт будзе адзіным выйсьцем, — заявіў кіраўнік камітэту выведкі Палаты прадстаўнікоў Адам Шыф.

Раней Шыф устрымліваўся ад заклікаў да імпічмэнту, але яго сёньняшняя заява, што прагучала ў эфіры тэлеканалу CNN, азначае, што яго пазыцыя зьмянілася.

«Калі прэзыдэнт, фактычна, блякуе аказаньне ваеннай дапамогі [Украіне] і ў той жа самы час з дапамогай запалохваньня спрабуе дамагчыся таго, каб замежны лідэр зрабіў нешта незаконнае, знайшоў „бруд“ на яго апанэнта падчас прэзыдэнцкай перадвыбарчай кампаніі, то, магчыма, гэта (імпічмэнт) будзе адзіным адказам, суразьмерным такому злу», — сказаў Шыф

Раней, 25 ліпеня, Шыф заявіў CNN, што дамагчыся, каб Трамп пакінуў сваю пасаду, можна толькі «шляхам галасаваньня» на выбарах. Кангрэсмэн заклікаў дэмакратаў зрабіць усё, каб выбаршчыкі прыйшлі на выбары ў 2020 годзе.

Іншыя дэмакраты, уключаючы кандыдата ў прэзыдэнты Элізабэт Уорэн і кангрэсвумэн Александрыю Окасыё-Кортэс, заклікалі кіраўніцтва дэмакратаў неадкладна дамагацца імпічмэнту.

У цэнтры спрэчкі аказалася тэлефонная размова прэзыдэнта Трампа з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. Адміністрацыя Трампа адмаўляецца перадаць Кангрэсу дакладную нататку асьведаміцеля, які нібыта сьцьвярджаў, што Трамп патрабаваў ад Зяленскага расьсьледаваць нічым не пацьверджаныя абвінавачваньні на адрас Байдэна.

Трамп у нядзелю ахарактарызаваў размову зь Зяленскім як выдатную.

Сэнатар-дэмакрат Крыс Мэрфі, выступаючы ў праграме «Сустрэча з прэсай» на канале NBC, заявіў, што Кангрэс павінен заслухаць асьведаміцеля, і калі яго сьцьвярджэньні абгрунтаваныя, то гэта будзе «відавочнай» падставай для імпічмэнту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG