Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крамлі адрэагавалі на рашэньне Беларусі спрасьціць візавы рэжым з ЭЗ


Дзьмітрый Пяскоў

Рашэньне прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб падпісаньні пагадненьняў з Эўразьвязам аб спрашчэньні выдачы віз і аб рэадмісіі не адаб’ецца на інтэграцыйных працэсах з Расеяй. Такое меркаваньне выказаў прэсавы сакратар кіраўніка расейскай дзяржавы Дзьмітрый Пяскоў, паведамляе расейскае інфармацыйнае агенцтва TACC.

«Гэта ўнутраная справа Беларусі. Гэта не павінна перашкаджаць далейшаму разьвіцьцю інтэграцыйных працэсаў, таму што існуючыя рэжымы паміж Расеяй і Беларусьсю, вядома, улічваюцца пры правядзеньні такіх перамоваў і так ці інакш узгадняюцца паміж партнэрамі», — сказаў ён.

Пяскоў нагадаў, што «у свой час, да таго як адносіны Масквы і Брусэля былі цалкам згорнутыя і замарожаныя, Расея вяла такія ж перамовы, яны знаходзіліся ў прасунутай стадыі, вырашаліся пытаньні рэадмісіі». «Таму гэта нармальная практыка», — сказаў ён, адзначыўшы, што яму не вядома, ці было пра намер Беларусі загадзя вядома ў Крамлі.

Аляксандар Лукашэнка прыняў рашэньне падпісаць пагадненьні аб спрашчэньні візавага рэжыму з Эўразьвязам і рэадмісіі. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз на брыфінгу ў Менску 20 верасьня.

Як адзначыў прадстаўнік замежнапалітычнага ведамства, «няпростае рашэньне» прынялі пасьля ацэнкі ўсіх рызык. Цяпер беларускі бок чакае сустрэчных крокаў ад эўрапейскіх калегаў — дакумэнт мусіць спачатку ўхваліць Эўрапарлямэнт і Эўрарада, а потым Рада Эўразьвязу павінна прыняць рашэньне кваліфікаванай большасьцю галасоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG