Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ізраілі ня могуць дамовіцца аб стварэньні ўраду


Біньямін Нетаньяху разам з Бэні Ганцам і Рэўвенам Рыўлінам каля магілы былога прэзыдэнта Ізраілю Шымона Пэрэса

Прэм'ер-міністар Ізраілю і кіраўнік партыі «Лікуд» Біньямін Нетаньяху заклікаў свайго асноўнага суперніка і сустаршыню блёку «Кахоль-Лаван» (Сіня-белыя) Бэні Ганца дамовіцца аб стварэньні ўраду народнага адзінства.

Паводле словаў Нетаньяху, грамадзтва чакае ад двух лідэраў адказнасьці. Прэмʼер-міністар таксама адзначыў, што выступае супраць новых выбараў у парлямэнт (Кнэсет).

У сваю чаргу, Ганц у часе выступу на пасяджэньні парлямэнцкай фракцыі заявіў, што мае намер сфармаваць урад самастойна. Нетаньяху ў адказ сказаў, што расчараваны такім рашэньнем.

Паводле закону, рашэньне аб тым, хто будзе фармаваць урад, прымае прэзыдэнт Ізраілю пасьля кансультацый з парлямэнцкімі фракцыямі. Кіраўнік дзяржавы Рэўвен Рыўлін мае намер пачаць кансультацыі 22 верасьня.

Выбары ў ізраільскі Кнэсет адбыліся 17 верасьня. Паводле папярэдніх дадзеных, партыя «Лікуд» атрымала 31 месца ў парлямэнце, «Кахоль-Лаван» — 33. Усяго ў Кнэсеце 120 месцаў. Гэта азначае, што ніводная з партый ня зможа самастойна сфармаваць парлямэнцкую большасьць без стварэньня кааліцыі зь іншымі партыямі.

Напярэдадні кіраўнікі правых і рэлігійных партый утварылі так званы тэхнічны блёк, абʼяднаўшыся для фармаваньня кааліцыі. Прадстаўнікі партый маюць намер падтрымаць кандыдатуру Нетаньяху для стварэньня ўраду. Сам Нетаньяху тады заявіў, што неабходна «любой цаной не дапусьціць Ганца да фармаваньня ўраду».

Раней прадстаўнікі партыі «Кахоль-Лаван» заяўлялі пра гатоўнасьць стварыць урад народнага адзінства ў тым ліку і зь «Лікуд», але без удзелу Нетаньяху.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG