Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатар адраджэньня. 10 фактаў пра Віктара Івашкевіча, які не адзначыць 60-гадовага юбілею


Віктар Івашкевіч
Віктар Івашкевіч


21 верасьня споўнілася б 60 гадоў Віктару Івашкевічу. Аднаго зь лідэраў працоўнага руху 1980–90-х, палітвязьня, актыўнага ўдзельніка «Беларускай Майстроўні», «Талакі», «Канфэдэрацыі беларускіх суполак» ня стала 3 кастрычніка 2013-га, яму было 54 гады.

Свабода сабрала 10 фактаў пра чалавека, які самаахвярна прысьвяціў сябе служэньню роднай краіне.

Сталеньне ў антысавецкім асяродку

Віктар Івашкевіч нарадзіўся 21 верасьня 1959 году ў Менску, як казаў сам, у «антысавецкім асяродку». Ягоныя бацькі ніколі не былі ў партыі, хоць іх і запрашалі. Адгаворваліся, што не «сасьпелі ідэалягічна». І ня дзіва: па лініі маці шмат хто быў рэпрэсаваны, сям’я жыла ў мікрараёне Зялёны Луг побач з Курапатамі, і што там адбывалася, усе ягоныя сваякі ведалі.

Бацька, са слоў Віктара Івашкевіча, наогул быў «праўдашукальнікам». У 1988 годзе пасьля мітынгу ў Курапатах, які арганізоўвала «Талака», яго выклікалі ў гаркам камсамолу на размову пра дарослага сына. Але замест раскаяньня нечакана пачулі ў адказ: «Дык вы проста падонкі, я цалкам на баку свайго сына!».

На мітынгу ў Курапатах, 1988 год
На мітынгу ў Курапатах, 1988 год

Адчуваючы бацькоўскую падтрымку, Віктар Івашкевіч быў сярод стваральнікаў антысавецкай арганізацыі «Незалежнасьць», рыхтаваў марш па Заходняй Дзьвіне супраць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС і адну зь першых экалягічных чарнобыльскіх акцый на Прыпяці, стаяў у авангардзе страйкаў на менскіх прадпрыемствах падчас «рабочай вясны» 1991 году.

Роспуск Нацыянал-камуністычнай партыі

У кнізе Сяргея Дубаўца «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду» Віктар Івашкевіч згадваў, што задаткі палітыка ў сабе ён адчуў яшчэ падлеткам.

Расказваў, што ў шостай клясе менскай школы № 79 утварыў з чатырма сябрамі Нацыянал-камуністычную партыю Беларусі. Віця напісаў статут. Але калі ён да гэтай ідэі паставіўся з усёй сур’ёзнасьцю, «аднапартыйцы» хутка ўсё ператварылі ў сьмех, заявіўшы: «Давай грошы на акцыю, пойдзем улёткі разьвешваць». Калі спрабаваў аргумэнтаваць, што трэба плаціць складкі, аднаклясьнікі сышліся на тым, што ўсе выдаткі мусіць пакрываць кіраўнік партыі. Хоць, як падазраваў «партыйны бос», насамрэч проста хацелі пайсьці на піва.

Тады заснавальнік сваю «партыю» распусьціў.

Пошук аднадумцаў у «Майстроўні»

Пасьля дэмабілізацыі з войска на пачатку 1980-х, калі Савецкі Саюз безнадзейна накрыў пэрыяд «застою», Віктар Івашкевіч пачаў сьвядома шукаць тых, хто быў cупраць камуністычнай ідэалёгіі. Калі ў 1982-м пабраўся шлюбам са студэнткай факультэту журналістыкі Аленай Радкевіч, яна пазнаёміла яго з такімі людзьмі — Алесем Сушам, Вінцуком Вячоркам, Сержуком Сокалавым-Воюшам.

Так ён даведаўся пра існаваньне «Беларускай Майстроўні» ды «Талакі» і, не вагаючыся, далучыўся да аднадумцаў. Пазьней да паўпадпольнай дзейнасьці далучыў брата Яўгена, малодшага за яго на пяць гадоў.

Але неўзабаве пачаў выказаць незадавальненьне, што майстроўцы засяроджаныя толькі на нацыянальна-культурніцкай дзейнасьці і не дэкляруюць палітычных мэтаў.

Ініцыятыва Таварыства беларускай школы

Ня раз прызнаваўся, што радыкальны па натуры, а таму зараджаны больш на палітычны канфлікт, чым на тое, каб дамагацца перамогі праз культурніцкую дзейнасьць. Хоць і разумеў, што культурніцкая праца — «падмурак вайны з варожай сыстэмай».

Тады ініцыяваў стварэньне Таварыства беларускай школы, каб патрабаваць ад уладаў пераводу навучаньня дзяцей на беларускую мову.

Заражаў уласным прыкладам — пайшоў па кватэрах зьбіраць подпісы. Пасьля таго як 80% апытаных выказалі салідарнасьць з заяўленай мэтай, у рамках «Беларускай Майстроўні» была створаная філія ТБШ. Гэты быў 1984 год. А неўзабаве разагналі ўласна «Майстроўню» — пасьля пікету ў абарону першага беларускага тэатру.

З жонкай і сынам, 1984 год
З жонкай і сынам, 1984 год

У пастарунку з малым сынам

У маладых патрыётаў нарадзіўся сын Стась, якога бацькі бралі з сабой на ўсе імпрэзы. Чым займаюцца бацькі, малы пазнаў у 4-гадовым узросьце.

Як успамінаў Віктар Івашкевіч, у 1988 годзе «Талака» арганізавала каля помніка Янку Купалу пікет за дзяржаўнасьць беларускай мовы. Алена здавала выпускны іспыт, таму Стась быў з татам. Неўзабаве наляцела міліцыя, удзельнікаў пачалі запіхваць у машыны.

Начальнік скамандаваў падначаленым, каб «пакавалі» і малога. Завезьлі ў пастарунак Цэнтральнага раёну сталіцы і трымалі, пакуль туды не ўварвалася разьюшаная маці малога Стася. І букетам глядыёлюсаў, падрыхтаваным для камісіі, адхвастала начальніка РУУС. Той толькі пасьпеў загадаць: «Усіх выгнаць!».

На ІІ Вальным Сойме беларускіх суполак, Вільня, 1989 год
На ІІ Вальным Сойме беларускіх суполак, Вільня, 1989 год

Падтрымаў апанэнтаў Зянона Пазьняка

Да канца 1980-х шматлікія арганізацыі нацыянальна-культурнага кшталту сасьпелі да таго, каб аб’яднацца ў Беларускі Народны Фронт. Віктар Івашкевіч горача вітаў зьяўленьне магутнай палітычнай сілы і да 1996 году быў сакратаром управы БНФ, адказваў за арганізацыю апазыцыйных акцыяў і фінансавае забесьпячэньне партыі.

Як заяўніка масавых мерапрыемстваў яго ня раз затрымлівалі і каралі штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі, на знак пратэсту ён абвяшчаў галадоўкі.

Аднак ад’езд за мяжу Зянона Пазьняка парушыў адзінства шэрагаў, і на зьезьдзе 1999 году ён увайшоў у групу тых лідэраў фронту, што адкрыта выступілі з крытыкай партыйнага лідэра, які кіраваў з эміграцыі. Пасьля гэтага рэдагаваў газэту незалежных прафсаюзаў «Рабочы» і быў віцэ-прэзыдэнтам Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Пакараньне за паклёп на прэзыдэнта

У кастрычніку 2002 году Віктар Івашкевіч быў асуджаны на два гады абмежаваньня волі. Падставай для судовага працэсу стаў артыкул «Злодзей павінен сядзець у турме», надрукаваны ў газэце «Рабочы» падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі-2001. Да чытачоў выданьне так і не дайшло: увесь наклад канфіскавалі проста ў друкарні.

Віктар Івашкевіч адпраўляецца на чарговую адседку — за мітынг перад шэсьцем «Чарнобыльскі шлях» у 2006 годзе
Віктар Івашкевіч адпраўляецца на чарговую адседку — за мітынг перад шэсьцем «Чарнобыльскі шлях» у 2006 годзе

У тэксьце, прысьвечаным Аляксандру Лукашэнку і ягонаму атачэньню, пракуратура ўгледзела прыкметы злачынства. Суд прызнаў фігуранта вінаватым па двух пунктах — у зьдзяйсьненьні спробы паклёпу на адрас прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і ў публічнай абразе прэзыдэнта (частка 2 артыкула 367 і частка 2 артыкула 368 Крымінальнага Кодэксу РБ).

У сьнежні таго ж году Івашкевіч пачаў адбываць пакараньне так званай «хіміяй» у Баранавічах. Міліцэйскае начальства пазбавіла журналіста магчымасьці наведваць у выходныя старых хворых бацькоў. У выпадку парушэньня яму пагражалі турмой і пазбаўленьнем права на датэрміновае вызваленьне.

Расчараваньне ў партыйных паплечніках

На прэзыдэнцкіх выбарах у сьнежні 2010 году Віктар Івашкевіч быў даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты ад «Эўрапейскай Беларусі» Андрэя Саньнікава.

Андрэй Саньнікаў і Віктар Івашкевіч
Андрэй Саньнікаў і Віктар Івашкевіч

Пасьля жорсткага разгону Плошчы і арышту прэтэндэнта на вышэйшую дзяржаўную пасаду канчаткова выйшаў з шэрагаў БНФ на знак нязгоды з «калябаранцкай пазыцыяй», якую заняў яшчэ адзін экс-кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў. Цягам 2007–2009 гадоў быў намесьнікам старшыні Партыі БНФ, а да лютага 2011-га заставаўся кіраўніком менскай гарадзкой арганізацыі БНФ.

Віктар Івашкевіч, верасень 2011-га
Віктар Івашкевіч, верасень 2011-га

Пасьля гэтага ўзначаліў аргкамітэт нацыянальна-дэмакратычнай партыі «Беларускі рух», сутнасьць якога патлумачыў такім чынам: паколькі Рыгор Кастусёў заявіў, што ён супраць эканамічных санкцыяў, калі ўсе дэмакратычныя сілы выступаюць за максымальна магчымы ціск дзеля вызваленьня палітвязьняў, было вырашана стварыць асобную палітычную партыю. Зрэшты, годнага месца ў грамадзтве яна так і не заваявала.

Ушанаваньне памяці выбітнага арганізатара

Віктар Івашкевіч памёр на 55-м годзе пасьля цяжкай хваробы. У яго была хвароба пячонкі, ён доўгі час ляжаў у лякарнях, чакаў донара. Аднак чарга так і не дайшла. Яго пахавалі на Паўночных могілках Менску. Праз год на магіле зьявіўся помнік, аўтар якога — вядомы скульптар Ігар Засімовіч.

Эпітафія на надмагільнысм помніку зробленая зь верша, які паэт Анатоль Сыс прысьвяціў Віктару Івашкевічу; у арыгінале –

...I мяне натхняе воля,
быццам птушку вецер з поля,
а без ветру ёй не жыць
і над полем не кружыць.

А цябе натхняе зброя.
«Зброя, — кажаш, — гэта воля!
А без волі нам не жыць
і Радзіме не служыць.

Нягледзячы на ідэйныя разыходжаньні, у студзені 2014 году Партыя БНФ заснавала памятны знак імя Віктара Івашкевіча — ім адзначаюцца перадусім арганізатары найбольш значных масавых акцый.

Сёлета ўганаравалі старшыню горадзенскай арганізацыі БНФ Вадзіма Саранчукова, раней ляўрэатамі станавіліся актывіст арганізацыі «Альтэрнатыва» Алег Корбан, кінарэжысэрка Вольга Мікалайчык, лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, вэтэран нацыянальнага руху Ніна Багінская, уладальнік крамы symbal.by Павал Белавус.

Сваю прэмію ўручае і «Хартыя-97» — у галіне абароны правоў чалавека (імя Віктара Івашкевіча было далучанае ў 2013-м). У гэтым годзе за асабістую сьмеласьць у творчасьці быў адзначаны блогер Nexta, таксама адзначаліся блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў, журналістка Вольга Чайчыц, абаронца Курапатаў Леанід Кулакоў, Сьвятлана Коржыч — маці забітага салдата Аляксандра Коржыча, ды іншыя.

Ідэя-фікс нацыянальнага маштабу

Незадоўга да сьмерці палітык выказаўся адносна таго, ці зьмянілася ягонае ўяўленьне пра ідэальную Беларусь за тры дзясяткі гадоў актыўнай дзейнасьці. У прыватнасьці, пацьвердзіў, што ўсе ягоныя «ідэі-фікс» застаюцца нязьменнымі.

Па-першае, незалежная краіна, у якой людзі свабодныя ва ўсіх сэнсах: могуць браць удзел у палітычным жыцьці, бізнэсе, творчасьці. Па-другое, Беларусь павінна мець сваю нацыянальную ідэю, а ня проста займацца кансэрвацыяй саламяных стрэх і лапцей. Па-трэцяе, пасьля чарнобыльскай катастрофы няма альтэрнатывы «краіне грынпіс» — жыцьцю ў духу ідэй «зялёных».

Сваёй сыстэме поглядаў на палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае ўладкаваньне роднай Беларусі Віктар Івашкевіч ня здраджваў да апошняга дня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG