Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазьняк пра 17 верасьня: На імгненьне гісторыя павярнулася да нас тварам


Зянон Пазьняк

Лідэр БНФ і адкрывальнік праўды пра Курапаты Зянон Пазьняк выказаўся наконт 80-годзьдзя аб’яднаньня Заходняй Беларусі і БССР у 1939 годзе.

«Сярод чужых войнаў, зьдзерства ворагаў, падзелу Беларусі і акупацыяў дзень 17 верасьня 1939 года стаў выпадкам, калі гісторыя на імгненьне павярнулася да нас тварам», — піша ў сваім звароце Пазьняк.

— Гэтая падзея ад нас не залежала, але рэальна яна абʼяднала нацыю і ўратавала адзінства краіны, хоць, як і ўсё дагэтуль, каштавала нам вялікай ахвярнай крыві і тысячаў ахвярных жыцьцяў.

Палітык назваў самай чорнай падзеяй у гісторыі Беларусі ХХ стагодзьдзя Рыскі падзел 1921 года, калі «аслабленая краіна была ліквідавана, падзелена і нацыю мэтанакіравана нішчылі з абодвух бакоў».

— Калі б не вайна — пэрспэктывы нацыянальна выжыць і аднавіць дзяржаўную незалежнасьць у беларусаў ужо амаль не было б. З гледзішча гістарычнага адзінства краіны акт савецкай акупацыі абʼектыўна стаўся чыньнікам абʼяднаньня Беларусі і фактам аднаўленьня гістарычнай справядлівасьці, зьнішчанай у 1921 годзе.

Паводле Пазьняка, абʼяднаньне пад савецкай акупацыяй каштавала беларускаму народу пакутаў і страт, бо, як і падзел, сталася вынікам чужой вайны, але яно дало беларусам усьведамленьне адзінства, намінальна захавала краіну, тым самым адчыніла надзею дзяржаўнай незалежнасьці і адраджэньня.

— Такая ёсьць наша беларуская гісторыя, — завяршыў свой зварот Зянон Пазьняк.

17 верасьня 1939 года Чырвоная армія ўвайшла ў Польшчу, каб далучыць Заходнюю Беларусь да БССР.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG