Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускім навукоўцам дазволілі не вяртаць грошы за няўдалыя дасьледаваньні


Ілюстрацыйнае фота

Старшыня Дзяржаўнага камітэту навукі і тэхналёгіяў Аляксандар Шумілін расказаў у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ, што беларускім навукоўцам далі «права на памылку».

Новымі заканадаўчымі актамі зь беларускіх навукоўцаў зьнялі абавязак вяртаць грошы ў выпадку, калі дасьледаваньне было непасьпяховым.

«Сёлета ўжо крыху адкарэктавалі заканадаўства, прапісалі аб'ектыўныя прычыны, — казаў Аляксандар Шумілін. — Аб'ектыўная прычына якая? Умоўна, распрацоўвалася лекі, у іх былі нейкія элемэнты, выходзіць заканадаўства, што гэтыя элемэнты забароненыя. Якая віна тут навукоўцаў?»

Паводле Шуміліна, Беларусь «даволі павольна» ідзе ў кірунку таго, каб прапісаць усе магчымыя аб’ектыўныя прычыны правалу, але «галоўнае — стварыць мэханізм».

«Мы далі права камісіі навукова-тэхнічнай палітыкі пры Савеце Міністраў пад кіраўніцтвам прэм'ера, навукоўцам, калі былі аб'ектыўныя прычыны, вынесьці разгляд на гэтую камісію, — апісаў ён мэханізм рэалізацыі «права на памылку». — І камісія можа прыняць рашэньне, што так, прычыны аб'ектыўныя. Тады грошы вяртаць не абавязкова».

Навукоўцы ўжо могуць зьвяртацца ў камісію, але паседжаньняў яшчэ не было.

Акрамя таго, Шумалін расказаў, што:

  • у праекце бюджэту выдаткі на навуку будуць на 16% большымі за бягучы год;
  • за «пяцігодку» 2016–2020 гадоў ужо пасьпелі стварыць 8500 новых працоўных месцаў у навуцы, увялі ў эксплюатацыю 53 новыя вытворчасьці;
  • аўтарскае права на распрацоўку замацавалі за распрацоўнікам, і калі чалавек працуе ў інстытуце, то можа заключыць дамову, каб распрацоўка належала інстытуту, а калі той не зацікаўлены, аўтар можа запатэнтаваць распрацоўку на сябе;
  • закону аб адтэрміноўках «мы можам асьцерагацца», але, калі людзі ня будуць ісьці ў навуку, «заўсёды можна будзе ў гэтым законе падкарэктаваць»;
  • асьпірантаў у краіне «ня так ужо шмат», але іхная колькасьць расьце на 10–12% штогод.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG