Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэйтынгу вышэйшых навучальных устаноў БДУ апусьціўся ў другую тысячу 


Галоўны корпус Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту

У сьпісе найлепшых ВНУ сьвету паводле вэрсіі брытанскага выданьня Times Higher Education Беларускі дзяржаўны унівэрсытэт заняў пазыцыю 1001+. Усяго ў рэйтынг увайшло больш як 1350 устаноў адукацыі, піша Tut.by.

Дакладная пазыцыя вызначаецца толькі для першых 200 устаноў, астатнія разьмяркоўваюцца па групах. Сёлета беларуская ВНУ апынулася ў сьпісе «1001+», гэта значыць ніжэй тысячы.

Пры складаньні рэйтынгу ацэньваюцца 13 пазыцый, якія ўлічваюць ўзровень выкладаньня і дасьледніцкай працы, абмен ведамі і міжнародныя пэрспэктывы.

Times Higher Education уключае БДУ ў свой рэйтынг ад 2015 году — тады ўнівэрсытэт трапіў у катэгорыю «601+». У 2017-м ён заняў месца ніжэй 801-га з тысячы, а летась апусьціўся ніжэй за 1000.

Раней у інтэрвію Свабодзе «застой» у беларускай вышэйшай школе крытыкаваў доктар навук Андрэй Лаўрыненка — колішні выкладчык фізфаку БДУ, а цяпер загадчык катэдры ў Тэхнічным унівэрсытэце Даніі.

Яго абурае, што «топ-1000» Міністэрства адукацыі Беларусі падае як дасягненьне — пры тым, што ў сьвеце ўсяго 4,5 тысячы ўнівэрсытэтаў.

Андрэй Лаўрыненка (трэці справа) з асьпірантамі
Андрэй Лаўрыненка (трэці справа) з асьпірантамі

«Беларусь — краіна ў Эўропе з 9,5 мільёна жыхароў — ганарыцца тым, што БДУ нават ня ў першай тысячы! — кажа ён. — Ну чым ганарыцца? Тым, што беларуская навука адмірае, як гангрэнавая тканка? Рэгрэс будзе працягвацца, калі кардынальна не зьмяніць падыход да фінансаваньня навукі і навучальных устаноў. Бо грошы трэба даваць так: вось табе 1000 даляраў, расьці і прагрэсуй. А праз 5 гадоў дай справаздачу публікацыямі і вучнямі...»

Лідэрам рэйтынгу, як і год таму, стаў Оксфардзкі ўнівэрсытэт. У пяцёрку таксама ўвайшлі Кэмбрыдзкі і Стэнфардзкі ўнівэрсытэты, Каліфарнійскі і Масачусэцкі тэхналагічныя інстытуты.

У рэйтынг таксама ўключаныя ВНУ краін-суседак. Расея прадстаўлена 39 унівэрсытэтамі, але толькі МДУ імя Ламаносава ў топ-200 (189-ы радок).

Польшча трапіла ў катэгорыю «601+» — самыя высокія пазыцыі мае Ягелонскі ўнівэрсытэт у Кракаве.

Ва Ўкраіне найлепшыя паказьнікі мае Нацыянальны ўнівэрсытэт «Львоўская палітэхніка» (801+). Літва ў катэгорыі «801+» прадстаўлена Віленскім унівэрсытэтам, Латвія — Латвійскім унівэрсытэтам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG