Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16 верасьня ў Эйндховэне ўшануюць зьніклых і прэзэнтуюць фотакнігу «Чатыры дрэвы»


16 верасьня 2015 году. Валерыя Красоўская ля мэмарыяльнага дрэва ў Эйндховэне падчас акцыі ў памяць пра зьніклых беларускіх палітыкаў.

16 верасьня спаўняецца 20 гадоў зь дня гвалтоўнага зьнікненьня палітыка Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. У гэты дзень у Эйндховэне ў Нідэрляндах адбудзецца цырымонія ўшанаваньня памяці гвалтоўна зьніклых беларусаў.

Пра гэта паведаміла Свабодзе дачка зьніклага Анатоля Красоўскага Валерыя, якая жыве ў Нідэрляндах. На ініцыятыву Валерыі 11 гадоў таму быў створаны жывы мэмарыял і штогод адбываюцца мэмарыяльныя імпрэзы.

Сёлетняя цырымонія традыцыйна пройдзе ў мэмарыялу «Чатыры дрэвы». Чатыры дрэвы былі пасаджаны ў памяць аб гвалтоўна зьніклых Юрыю Захаранку, Віктару Ганчару, Анатолю Красоўскім, Зьмітру Завадзкім у 2008 годзе. У той час Эйндховэн яшчэ быў горадам-пабрацімам Менску.

Валерыя Красоўская адкрые цырымонію. C прамовай выступяць Крысьці Мідэм (Міжнародная Амністыя), Ар’ен ван Халем (Фэдэрацыя Нідэрляндскіх прафсаюзаў), Мары-Эн Схрэўрс (прадстаўніца гарадзкіх уладаў Эйндховэна). Паэтка Джэсіка Бартэлс і паэт Леа Месман прачытаюць свае вершы, якія яны напісалі адмыслова да гэтай трагічнай даты.

Пасьля цырымоніі адбудзецца прэзэнтацыя фотакнігі «Чатыры дрэвы». У кнізе сабраны фатаграфіі, зробленыя ў Эйндховэне 16 верасьня падчас цырымоніі ўшанаваньня памяці зьніклых беларусаў у 2008-2018 гадах.

Як адзначае Валерыя Красоўская, цырымонія памяці мерапрыемства арганізаванае Міжнароднай Амністыяй, Фэдэрацыяй Нідэрляндскіх прафсаюзаў і грамадзянскай ініцыятывай «Мы памятаем».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG