Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Электронныя цыгарэты забіваюць амэрыканцаў — ці трэба хвалявацца беларусам?


За апошнія некалькі месяцаў тэма «вэйпінгу» стала адной з асноўных у амэрыканскіх СМІ. Больш за 450 чалавек (сярод якіх было асабліва шмат падлеткаў) у выніку ўжываньня электронных цыгарэт захварэлі і трапілі ў шпіталі. 6 чалавек памерла.

Штат Мічыган ужо забараніў электронныя цыгарэты, а прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп плянуе забараніць продаж араматызаваных вадкасьцяў для электронных цыгарэт на фэдэральным узроўні.

Што такое «вэйпінг» і што здарылася ў ЗША?

Вэйпінгам называюць працэс інгаляцыі праз электронную цыгарэту пароў вадкасьці, якая звычайна ўтрымлівае канцэнтраваны нікатын. Першпачаткова лічылася, што электронныя цыгарэты могуць дапамагчы курцам са стажам кінуць сваю шкодную звычку ці, прынамсі, зьнізіць рызыку ракавых хваробаў. Тлумачылася гэта тым, што пры награваньні вадкасьці вылучаецца менш канцэрагенаў, чым пры спаленьні тытуню.

У хуткім часе вэйпінг стаў сусьветнай тэндэнцыяй — асабліва сярод падлеткаў і моладзі. У адрозьненьне ад звычайных цыгарэт, вадкасьць для вэйпу бывае рознага смаку і паху, ня сьмярдзіць і не пакідае смуроду на вопратцы або мэблі, што дазваляе «вэйпіць» у памяшканьнях. Акрамя гэтага, моладзь прыцягвае «модульная» зборка шматлікіх прыладаў для вэйпінгу, што дазваляе іх мадыфікаваць і наладжваць пад свой асабісты густ.

У выпадку з папулярнымі пераважна на Захадзе прадуктамі «Juul» (менавіта гэта амэрыканскі вытворца электронных цыгарэт апынуўся ў цэнтры скандалу) патэнцыйных пакупнікоў прыцягвае яшчэ і простасьць канструкцыі — хапае толькі ўставіць ужо гатовы «картрыдж» з вадкасьцю і ня трэба нават ціснуць на кнопку каб прылада выпусьціла пару.

Наконт прычыны лёгачных захворваньняў і сьмярцей у ЗША пакуль няма кансэнсусу. На гэты момант вядзецца расьсьледаваньне — невядома, які кампанэнт у вадкасьці для электронных цыгарэт можа выклікаць такія наступствы.

Ёсьць меркаваньне, што прычынай большасьці няшчасных выпадкаў магла быць самаробная вадкасьць, купленая «з вуліцы». Паведамляецца, што ў большасьці гэтых выпадкаў у вадкасьці прысутнічалі псыхаактыўныя кампанэнты кшталту ТГК, які сустракаецца ў марыхуане (хоць таксама паведамляецца, што ў некаторых выпадках псыхаактыўныя рэчывы былі сынтэтычнага вырабу).

Ці гэта рэгулюецца?

У ЗША ёсьць рэгуляваньне рынку тытунёвых вырабаў, у тым ліку і вадкасьцяў зь нікатынам для электронных цыгарэт — на фэдэральным узроўні гэтым займаецца Адміністрацыя па санітарным наглядзе за якасьцю харчовых прадуктаў і мэдыкамэнтаў (Food and Drug Administration). З 2016 году менавіта гэтае дзяржаўнае агенцтва займаецца рэгуляваньнем э-цыгарэт.

Цяпер вадкасьць для электронных цыгарэт, калі яна мае смак і пах мяты ці звычайнага тытуню, можна набыць у звычайных крамах. Вадкасьці іншых смакаў прадаюцца выключна ў спэцыялізаваных крамах толькі для дарослых. Акрамя гэтага, забараняецца прадаваць прадукты для вэйпінгу ва ўпакоўках, якія б выклікалі ўвагу дзяцей — напрыклад, ня дазваляецца каб упакоўка нагадвала ўпакоўку цукерак.

Тым ня менш, у ЗША праблема непаўналетніх аматараў вэйпінгу застаецца актуальнай — каля 20 адсоткаў падлеткаў прызналася падчас апытаньня, што яны апошнім часам «палілі» э-цыгарэты. Вялікая колькасьць падлеткаў сярод захварэлых можа тлумачыцца тым, што дзіцячы арганізм асабліва лёгка атручваецца ад вадкасьці для вэйпу, а яе салодкі пах можа прывабіць дзяцей.

У Эўразьвязе існуе дырэктыва аб тытунёвых вырабах, якая абмяжоўвае інгрэдыенты і ўзровень нікатыну ў прадукцыі. Правілы ЭЗ ускладаюць адказнасьць на вытворцаў тытунёвых вырабаў (і ўсяго, што датычыцца электронных цыгарэт), каб тыя пазбаўлялі сваю прадукцыю ад лішняй рызыкі для здароўя.

Вытворцы павінны загадзя паведаміць пра зьмесьціва электронных вадкасьцяў — гэта значыць, што эўрапейскія чыноўнікі павінны ведаць, што менавіта ўваходзіць у вадкасьць і што менавіта асядае ў лёгкіх карыстальніка э-цыгарэт. Як паказвае досьвед амэрыканцаў, у экстранным выпадку гэта можа спрасьціць пошук небясьпечных кампанэнтаў.

А як з гэтым справы ў Беларусі?

Ад 27 ліпеня гэтага году дзейнічаюць новыя правілы і забароны наконт выкарыстаньня і продажу тытунёвых прадуктаў. Паводле гэтых правілаў, электронныя цыгарэты трапляюць пад такое ж рэгуляваньне, што і звычайныя цыгарэты. Дзейнічае забарона на адкрыты продаж і рэкляму як электронных цыгарэт, так і вадкасьцяў для іх.

«Паліць» э-цыгарэты, як і традыцыйныя тытунёвыя вырабы, забараняецца ў ліфтах і пад’ездах, на працоўным месцы, ва ўстановах адукацыі, грамадзкім транспарце, на прыпынках, у падземных пераходах, на дзіцячых пляцоўках, у дзіцячых лягерах, у машыне зь дзіцем. Шмат у якіх іншых месцах гэта дазволена толькі ў выдзеленых для гэтага месцах — так званых «курылках».

Кандыдат мэдычных навук, супрацоўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру пульманалёгіі і фтызіятрыі Аляксандар Скрагін кажа, што ня чуў, каб у Беларусі праводзіліся якія-небудзь кампаніі ў забарону электронных цыгарэт ці хаця б тлумачэньня, якое ўзьдзеяньне на арганізм аказвае вэйпінг.

«Я сачу за замежнай прэсай, чытаў на сайце ВВС пра сьмерці ад вэйпінгу. Чытаў і пра дасьледаваньні амэрыканскіх навукоўцаў, Усясьветнай арганізацыі здароўя пра шкоду вэйпінгу. Я цалкам давяраю іх дасьледаваньням, у іх сур’ёзная доказная база. Аднак я ня чуў, каб беларускія навукоўцы і мэдыкі праводзілі свае дасьледаваньні.

На маю думку, электронныя цыгарэты занадта даступныя. У гандлёвым цэнтры, куды я хаджу, да прыкладу, ёсьць адмысловая крама, дзе ёсьць стэнды, дэманстрацыйныя вітрыны, дзе прадстаўлены ўсе віды вэйпінгу. І прадавец паказвае, як паліць, як карыстацца гэтымі прыстасаваньнямі», — кажа адмысловец.

На сёньня ў Беларусі ня было зафіксавана выпадкаў сьмерці ад вэйпінгу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG