Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Даволі мучыў вас пракляты польскі кат!» Беларуская літаратура пра ўзьяднаньне Заходняй Беларусі з БССР


Чырвоная армія ўваходзіць у Вільню, 19 верасьня 1939
Чырвоная армія ўваходзіць у Вільню, 19 верасьня 1939

Скажу адразу — ня вельмі наша літаратура пастаралася, каб годна адлюстраваць такую гістарычную падзею, як узьяднаньне ў верасьні 1939 году Заходняй Беларусі з БССР.

Амаль усе вершы, якія пісаліся беларускімі аўтарамі па гарачых сьлядах паходу Чырвонай арміі ў Польшчу ў 1939-м, тыражуюць зацяганыя штампы сталінскай прапаганды: бальшавікі нарэшце прынесьлі ясную і сытую волю і долю галоднаму і абадранаму беларускаму мужыку, які гнуў карак у няволі польскіх паноў-катаў дый толькі чакаў паратунку з усходу.

І толькі Максім Танк, «заходнік», якога ўзьядналі з «усходнікамі», паспрабаваў выбіцца з агульнай каляіны і напісаў нешта наўзбоч усіх штампаў.

Ну і аднаму празаіку, сорак зь лішкам гадоў пасьля ўзьяднаньня, удалося напісаць уражальны раман пра Заходнюю Беларусь у 1939-м, у якім не адчуваецца ідэалягічнай зададзенасьці…

Янка Купала «Ты з Заходняй, я з Усходняй…»

Вершык слабенькі, але яго першыя чатыры радкі — хрэстаматыйныя. Добра было б, калі б Купала на іх і спыніўся. Але ж спыніцца, як усе мы ведаем, ён ня мог…


Ты з Заходняй, я з Усходняй
Нашай Беларусі,
Больш з табою ўжо ніколі
Я не разлучуся.

Твае коні, мае коні,
Пасьля дзён трывожных,
Будуць пасьвіціся разам
На лугу мурожным.

Разам будзем араць поле
Трактарам сталёвым,
Сеяць жыта і пшаніцу
На загонах новых.

Частавацца будзем разам,
З кожным новым годам,
Верашчакаю калгаснай
І калгасным мёдам.

Складаць будзем думкі-песьні
Не на панскай службе,-
Песьні будуць аб свабодзе,
Аб сталінскай дружбе.

Якуб Колас «Вольнаму народу»

«Дружна ж да працы, творчая воля, / Вольная сіла, ясная доля, / І новыя песьні складай!». У Коласа, магчыма, былі і горшыя вершыкі, але гэты — пра ўзьяднаньне — абсалютная дрындушка.

Сьпета бясслаўная панская песьня.
Кончана з панам, пан не ўваскрэсьне,
У край наш ня знойдзе дарог.
Вольным народам сталі мы сёньня.
Нашы ўсе пожні, нашы ўсе гоні,
І шлях нам, як сонца, пралёг.

Дружна ж да працы, творчая воля,
Вольная сіла, ясная доля,
І новыя песьні складай!
Многа работы, многа разгону,
Гэй жа, наперад, люд вызвалёны,
Наперад, Савецкі мой край!

Якуб Колас «Радасная сустрэча»

Аднак Колас, з нагоды 17 верасьня 1939, пастараўся напісаць і нешта «эпічна-сатырычнае». Сатыра, зразумела, скіраваная ў бок «панскай Польшчы», якая развалілася ўсяго за два тыдні вайны зь немцамі. Што характэрна ня толькі для гэтага, але і для ўсіх іншых цытаваных тут вершаў, немцы ня згадваюцца ні ў якім кантэксьце ўзьяднаньня беларусаў.

(…)


З вайны ідуць весьці
Панам не пад густ.
І Бэк і Рыдз-Сьміглы
Пашыліся ў куст.

Пабег пан Масьціцкі,
Складкоўскі-Славой
За ім пакаціўся,
Як голы навой.

Забегала панства,
Графы і князі, —
Адно толькі чуеш
Каманду: «Вязі».

Бягуць, уцякаюць,
Аж пяты бразджаць.
І рушыла раптам
Чырвоная раць!

Сталёвая лава
Як гром, ураган —
За танкамі танкі,
Бы хмар караван.

Імкнуць як разводзьдзе,
Як морскі прыбой,
Зьмятаюць вяльможных
Савецкай мятлой.

Народ высыпае
З пагорбленых хат:
— Ох, сіла ж якая!
— Ох, колькі ж гармат!

(…)

Пімен Панчанка «Вызваленаму брату»

У 1939 годзе Панчанка быў спэцыяльным карэспандэнтам у армейскіх газэтах і паход Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь бачыў уласнымі вачыма. Гэта, канешне, не давала яму вялікіх перавагаў перад тымі, які пісалі вершы седзячы ў Менску, але Панчанка — адзіны з цытаваных тут пісьменьнікаў, які згадвае савецкія страты ў той верасьнёвай вайне.


Не трубіў на зары гарніст,
Не грымела аркестраў медзь.
Праз асеньняга ветру сьвіст
Наляцела на панства сьмерць.

Помняць Нёман, Дзьвіна і Буг
Нашых танкаў пагрозны гуд.
Ты пазбыўся навекі, друг,
Белапанскіх іржавых пут.

Гнеўны шквал па зямлі прайшоў
І разьвеяў туман тугі.
Старажытныя землі князёў
Асьвяцілі нашы сьцягі.

Не забыць мне, як несьлі хлеб-соль
Нам на вышытых ручніках,
Як дзяўчаты з вакольных сёл
Кветкі сеялі на шляхах.

Расступаліся дрэвы з дарог,
Ліхаманкава біў кулямёт…
Слава тым, хто пад Вільняй лёг,
Слава тым, хто пад Гродняй лёг
За цябе, беларускі народ!

Вольны брат, засявай палі,
Насыпай буйным зернем засек!
Мы прагналі з тваёй зямлі
Каўтуновае гора навек.

Піліп Пестрак «Заходняй Беларусі»

Пестрак, даваенны дзяяч Беларускай сялянска-работніцкай грамады і Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, правёў дзевяць гадоў у польскіх турмах. Чырвоная армія літаральна вызваліла яго з польскай вязьніцы ў верасьні 1939. Паэт і празаік зь яго быў даволі слабы. Раман Пестрака «Серадзібор», які канчаецца сцэнамі ўзьяднаньня Заходняй Беларусі з БССР, немагчыма сёньня чытаць бяз мулкага адчуваньня ідэалягічнай зададзенасьці і жыцьцёвай неверагоднасьці прадстаўленых падзей. Але вось два радкі зь ягонага верша «Заходняй Беларусі» мяне кранаюць: Мы выйшлі зь цёмных брам, / І грудзі нашыя пяюць аб гібкай сталі…

(…)

Рубеж крывавы змыт. Дзяржаўны крок грыміць.
Свабодных дзён краса у зорах пяцікутных
Да сонца сьцеле шлях для радаснай зямлі,
Руйнуе ўсе сьляды народнае пакуты.

Шукаю цёплых слоў. Мы выйшлі зь цёмных брам,
І грудзі нашыя пяюць аб гібкай сталі, —
Пароль на збор усім вызволеным братам,
Чаго так доўга ў змроку мы чакалі.

Пятро Глебка «Родным братам»

Вершык ня горшы і ня лепшы за папярэднія. Літаратура на службе ў грамадзтва, так бы мовіць. Савецкага грамадзтва, канешне.


Родны брат мой, таварыш гаротны,
Сонца праўды і волю вітай.
Станавіся ў шарэнгі свабодных
Будаваць свой разбураны край!

Нас адна нарадзіла краіна,
Ды няроўнае шчасьце дала:
Мы квітнелі, расьлі безупынна,-
Ваша доля пакутнай была.

У каляным ад поту шарачку,
Зруйнаваны пакінуўшы дом,
Ваша маці стаяла жабрачкай
На марозе пад панскім акном;

Сёстры мерлі на вуліцах брудных;
Ад цямна да цямна празь вякі
За сахою хадзілі пакутнай,
Парабкамі служылі бацькі.

Край заходні зямлі беларускай,
Край, растоптаны панскай нагой!
Колькі сьлёз на палях тваіх вузкіх,
Колькі зьдзекаў, палітых крывёй!

Годзе гэтых пакут і зьнямогі,
Вызваляйся зь няволі і з крат!
Па-братэрску руку дапамогі
Падаём мы табе, родны брат.

Пятрусь Броўка «Заходнім беларусам»

«Пятрусь Броўка піша лоўка, / Піша лоўка і даўно…» — напісаў Рыгор Барадулін у сваім славутым чатырохрадкоўніку. Верш «Заходнім беларусам» таксама з такога «лоўкага» разраду.

Палілі вас агнём, зьнішчалі вас мячом,
Ня сьмелі гаварыць вы моваю сваёй,
Вы плакалі крывёй пад панскім бізуном,
За вас хварэлі мы і сэрцам і душой.

Даволі слухаць больш пакутны сьпеў бароў,
За волю вы пайшлі, для любых ніў і сёл…
І болей крумкачу, што падае на дол, —
Ніколі не узьняць драпежных кіпцюроў!

Даволі мучыў вас пракляты польскі кат!
Руку братэрскую прымі, таварыш — родны брат!
Хай згіне польскі пан! Прабіў рашучы час!
Чырвоны, вольны сьцяг навек зьяднае нас!

Заходні беларус! Ты выйшаў грамадой,
Каб з намі аб’яднаць любімыя палі,
Бо мы адной сям’і, бо мы адной зямлі,
Нам з нашай маткай жыць — чырвонаю Масквой!

Максім Танк «Гэта песьня прайшла праз гады і муры…»

А вось нешта пра 17 верасьня 1939, ад чаго цяплее на душы. Верш, які хочацца завучыць на памяць.

Гэта песьня прайшла праз гады і муры,
павуціньне парваўшы калючых дратоў.
Гэта песьня гарэла ўначы і гарыць —
і таму на цымбалы кладу яе зноў.
Сёньня пеніцца — бродзіць рабінавы хмель
у грудзях і у жылах мазолістых рук.
Толькі ўскінеш чупрыну — вішнёвая бель
ападае на звонкае полымя струн.

Засьцілайце сталы, горы, нівы зарой!
Разьвявайце, вятры, туман ў полі сівы!
Мы за край, апаясаны Нёмнам-ракой,
за вясну, што на крыльлях нясуць журавы,
і за моладасьць даўніх баянаў-пяўцоў,
і за моладасьць нашу, за сонца і шыр
небасхілу, за даль неапетых шляхоў, —
падымаем з гарачаю брагай каўшы.

Толькі ў гэткія дні трэба ў струнаў лады,
перастроіўшы, ўліць волі сталь, тонаў медзь, —
каб ад цьвету вачэй і ад шчасьця яны,
не рвучыся, маглі зіхацець і грымець.
Бо ўжо з нашых курганаў — з жыцьця рубяжоў
сокал меж не пабача, гусьляр і ратай,
толькі стэп на усходзе ў агні каласоў,
а на захадзе мора — сінеючы край.

Вячаслаў Адамчык «Год нулявы»

Адзін зь лепшых раманаў у беларускай літаратуры наогул. Што тычыцца Заходняй Беларусі у 1939-м, дык ніхто зь беларусаў не напісаў нічога лепшага.

Эпізод 1 (расправа беларусаў з польскім асаднікам)

«Босы, у галіфэ, у сподняй расхрыстанай кашулі, сьвецячы мокраю спацелаю лысінаю, на каленях стаяў малады, шырокі ў плячах Грабянка.

А перад ім, нібы пабойваючыся яго, калаціўся і ня мог устаяць на месцы палахлівы, з шырокім пляскатым носам мужчына ў рудым шарачковым пінжаку і залапленых на каленях плацянковых портках. У руках яго дрыжала дубальтоўка. Цяжка апусьціўшы сьцятыя кулакі, кружком каля яго стаялі панурыя мужчыны. Зводдалек ад іх узмахвала рукамі і нешта неразборлівае прамаўляла сівавалосая, зь перакрыўленым ад пакуты тварам Грабянчыха.


Імполь нават не пасьпеў згледзець, як да Грабянкі ззаду падскочыў Жэнік Рэпка і ўзмахнуў шабляй: бліснуўшы маланкай, яна ўпілася ў лысіну і раскроіла напалам голаў. З глыбокай раны захлястала і закурылася параю цёмначырвоная кроў, заліваючы белую споднюю кашулю на шырокай сьпіне. На каленях стаяў і ўсё ня падаў, а толькі турзаўся засечаны насьмерць Грабянка.

Заенчыўшы, аб’ехала і на коленках папаўзла, аслабела, успляскваючы перад сабою рукамі, старая Грабянчыха. (…)

Імполь азірнуўся і ўбачыў, што каля белага дома з трохкутным франтонам, які падпіралі чатыры драўляныя калёны, кіпела разьюшаным мурашнікам купа вясковых людзей. (…)

У разьбітым акне скразьняк, надзімаючы гарбом, падымаў угору фіранку. І там у хаце, за капелюшом расьпісанага ў чырвоныя кветкі шклянога абажура настольнай лямпы, Імполь убачыў старога Грабянку, і ён нерухома сядзеў, абхапіўшы рукамі голаў і ўпёршыся локцямі ў абрус.

Блытаючыся ў кветніку, Імполь падлез да акна і застыў зноў ад сполаху — на стале па абрусе ўжо расплылася вялікая пляма крыві.

— Што гэта зь ім? — Імполь устрывожана азірнуўся на мужчыну, што трымаў у руцэ прыгожае, з залацістымі кветкамі на белай абіўцы крэсла.

— Што, ня бачыш? Жылы сабе перарэзаў».

Эпізод 2 (беларус і немец у Картуз-Бярозе ў верасьні 1939)

«Міця прыглядаўся да яго мышаватага, без пагонаў і адпораных пятліц мундзіра, на якім блішчалі белыя алюмініевыя гузікі.

Немец дагадаўся, маргнуў лупаватымі вачыма:

— Мне пакінулі, не выпаралі. Я ж нямецкі афіцэр, лётчык.

І, мусіць, убачыўшы, што гэта зьдзівіла і адначасна заінтрыгавала Міцю, пацьвердзіў:

— Так-так, баявы лётчык. Я зрабіў два налёты на Варшаву, на трэцім мяне зьбілі. Гэтыя польскія сьвіньні, што пачалі з намі вайну.

Пасьля таго як Міця прымасьціўся на абсьлізганым да матавага бляску дашчаным палку, зноў махнуў перабінтаванаю галавою з шырокім, што перасякаў наўскасяк зморшчаным лоб, бруднаватым паскам. Твар у яго быў хударлявы, і дзьве глыбакаватыя баразны крутымі дугамі акружалі злы тонкі рот.

— А за што інтэрнавалі сюды? — перапытаў ён яшчэ раз па-польску, трымаючы перад сабою на падвязцы забінтованую руку.

— За вершы.

— Як? Ты пішаш вершы? — Лётчык нават адсунуўся. — Дай глянуць на цябе.

— Пісаў… і нават па-беларуску.

— Чакай, а хто такія беларусы? — Немец паварушыў кароткімі кончыкамі сваіх пальцаў, што выглядалі зь бінту.

— А вы хіба ня чулі? — У Міці ад нэрвовасьці, ад гэтых нядаўніх удараў гумавымі палкамі, што яшчэ смылелі і нылі на руках і сьпіне, затурзалася адно вока.

— Не наракай на мяне, я лётчык, я, вядома, чуў пра Расею, а пра вас — не. Такіх народаў шмат, што страцілі сваю самастойнасьць. Яны ня маюць прыроднае сілы і цьвёрдае гордасьці перад богам і людзьмі. Таму яны мяккага характару і нораву, як ты. І ня злуй. Во мой сяньнік. Невядома, ці табе яшчэ прынясуць».

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG